2012-12-03 12:25:54

Ватыканскі іерарх: чалавечнасць грамадства вымяраецца адносінамі да інвалідаў


RealAudioMP3 Людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць стаць веснікамі новага свету, які не кіруецца моцай, насіллем і агрэсіяй, але любоўю, салідарнасцю і прыняццем іншага. Такое меркаванне выказаў старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя арцыбіскуп Зыгмунд Зімоўскі ў сваім спецыяльным пасланні з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў, які адзначаецца 3 снежня. Іерарх падкрэсліў, што інтэграцыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў жыццё грамадства можа прынесці яму самаму вялікае багацце. “Аднак, на гэта не заўсёды звяртаецца належная ўвага”, - сказаў арцыбіскуп. Ён адзначыў, што па адносінах да цяжкасцяў і болю вымяраецца чалавечнасць, як асобных людзей, так і самаго грамадства.

Іерарх заклікаў бараніць правы інвалідаў, і нагадаў, што яны не могуць належаць толькі малой часцы моцных і паспяховых, “бо ў грамадствах, пабудаваных такім чынам, выяўляюцца дыскрымінацыі”. Паводле яго інваліды, павінны прымаць удзел у жыцці грамадстваў на яго розных узроўнях: мясцовым, нацыянальным і міжнародным.

“Інваліднасць павінна успрымацца, як праява ўнікальнасці чалавека членамі сямей, урачамі, педагогамі, сябрамі”, - заклікаў арцыбіскуп і нагадаў словы бл. Яна Паўла ІІ аб тым, што інаваліды – гэта “жывыя іконы Укрыжаванага Хрыста, якая ўказваюць на містычную прыгажосць Таго, Хто быў паслухмяным аж да смерці”. “Асобы з абмежаванасцямі могуць навучыць, што такое любоў, якая збаўляе”, - сказаў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.