2012-12-01 13:08:48

Новы дакумент Папы аб адказнасці біскупаў за дабрачынную дзейнасць у Касцёле


RealAudioMP3 Абавязкам каталіцкіх біскупаў у сферы дабрачыннай дзейнасці Касцёла, прысвяціў свой новы дакумент Бэнэдыкт XVI. Ён быў апублікаваны 1 снежня у форме “Motu proprio” пад назвай “Intima Ecclesia natura” – “Унутраная натура Касцёла”. Ад самага пачатку свайго Пантыфіката Бэнэдыкт XVI указваў на тое, што любоў – гэта галоўны шлях, якім можна паказаць свету прыроду Касцёла, таму дабрачынная дзейнасць тут грае вельмі важную ролю. У дакуменце апублікаваным сёння, Папа даў некаторыя указанні, якімі павінны кіравацца дабрачынныя ўстановы арганізаваныя касцёльнымі ўладамі, інстытутамі кансэкраванага жыцця і таварыствамі апостальскага жыцця, а таксама тыя, якія паўсталі па ініцыятыве вернікаў.

Папа падкрэсліў, што дабрачынная дзейнасць, як і абвяшчэнне Божага Слова і цэлебрацыя сакрамэнтаў, павінна адбывацца пад наглядам біскупа. Таму дакумент “Унутраная прырода Касцёла” у большай частцы прысвечаны менавіта адказнасці біскупаў ў гэтай сферы. Сярод заданняў каталіцкіх іерархаў адзначаецца неабходнасць сачыць за дзейнасцю дабрачынных арганізацыі, якія ім кананічна падпарадкоўваюцца ці дзейнічаюць у Касцёле. Акрамя таго, Папа заклікаў біскупаў клапаціцца аб каталіцкай ідэнтычнасці гэтых арганізацый і аб тым, каб іх дзейнасць не супярэчыла навучанню Касцёла. Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць тэалагічнай і душпастырскай падрыхтоўцы персанала і таго, каб каталіцкія дабрачынныя арганізацыі дзейнічалі ў адпаведнасці з грамадзянскімі законамі. “Дзе неабходна біскуп павінен спрыяць дабрачынным ініцыятывам у супрацоўніцтве з іншымі Цэрквамі ці рэлігійнымі супольнасцямі”, - напісаў Папа.
Указанні Бэнэдыкта XVI сабраныя ў дакуменце “Унутраная прырода Касцёла” увойдуць у сілу, пасля іх публікацыі ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” 10 снежня 2012 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.