2012-11-30 11:43:23

Бэнэдыкт XVI: праблема французскага каталіцызму – няведанне зместу веры


RealAudioMP3 Да шчырых намаганняў па новай евангелізацыі заклікаў 30 лістапада Бэнэдыкт XVI групу французскіх іерархаў, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам “Ad limina apostolorum”. На яго думку, праблемай французскага каталіцызму з’яўляецца няведанне сучаснымі вернікамі зместу веры, якое носіць двайны характар: няведання асобы Езуса Хрыста і няведання велічы яго вучэння. Гэта з’ява прыводзіць “новае пакаленне да няздольнасці зразумець гісторыю і адчуваць сябе нашчадкамі хрысціянскай традыцыі”, адзначыў Папа. Ён нагадаў, што менавіта дзяленне верай стаіць у цэнтры адмысловага году, які распачаўся ў Касцёле і атрымаў назву “Года веры”. Святы Айцец назваў “абнадзейваючай” актыўнасць свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла ў Францыі. “Свецкія, разам з біскупамі і святарамі, з’яўляюцца героямі жыцця Касцёла і яго евангелізацыйнай місіі”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI. Паводле яго, “свецкія вернікі з’яўляюцца тварам свету ў Касцёле і ў той жа час прадстаўнікамі Касцёла ў свеце”.

Святы Айцец вельмі занепакоены зніжэннем колькасці святарскіх і манаскіх пакліканняў у Францыі. Ён прапанаваў французскім іерархам мабілізаваць усе даступныя сродкі, каб “маладыя людзі маглі пачуць голас Пана”. А паколькі, сям’я з’яўляецца месцам новых пакліканняў, Святы Айцец звярнуў увагу біскупаў на неабходнасць яе падтрымкі. Апрача таго, у працэсе адукацыі, асабліва ў каталіцкіх навучальных установах, моладзь павінна атрымліваць не толькі веды, але “засвойваць чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці, імкнуцца да пошуку і любові да праўды і прыгажосці”.

Святы Айцец завяршыў свой зварот падзякай французскім іерархам за іх адданую працу ў нялёгкіх умовах секулярнага і лаіцкага грамадства.







All the contents on this site are copyrighted ©.