2012-11-29 14:57:41

"Тэалогія для мяне". Саборы, як важныя крыніцы тыалогіі


RealAudioMP3 Сёння мы працягнем пазнаванне сабораў як важных крыніц тэалогіі. Падчас гэтай перадачы мы звернем увагу на тыя супольныя сустрэчы біскупаў, якія аказалі значны ўплыў на развіццё не толькі самой тэалогіі, але і ўсяго Паўсюднага Касцёла. Згодна са спісам кардынала Бэлларміна, на працягу гісторыі ў Каталіцкім Касцёле адбыўся 21сабор: першы прайшоў у Нікеі (325), а апошні — у Ватыкане (1962–1965).

Дык вось, першыя саборы, а дакладней першыя сем сабораў, на якія варта звярнуць увагу, — гэта так званыя экуменічныя саборы. Чаму іх значэнне такое вялікае? Па першае, гэта тыя саборы, на якіх былі сфарміраваны асноўныя прынцыпы не толькі тэалогіі, але і касцёльнай адміністрацыі і права. Па-другое ж, немалаважнае значэнне гэтых сабораў заключаецца ў іх супольным характары для ўсяго хрысціянства — як для Каталіцкага Касцёла, так і для Праваслаўнай Царквы. Адбыліся яны яшчэ да смутнай даты падзелу ў 1054 годзе. Кажучы пра экуменічныя саборы, мы маем на ўвазе тыя саборы, якія ў розныя часы адбыліся ў Нікеі, Канстанцінопалі (тры з іх), у Эфесе і Халкідоне, апошні з іх таксама адбыўся ў Нікеі ў 787 годзе. Важнымі дасягненнямі гэтых сустрэч з’яўляюцца перш за ўсё дагматычныя дэфініцыі, што знайлі сваё адлюстраванне ў Сімвале веры, які носіць назву ад першых двух сабораў — нікейска-канстанцінопальскі.

Як ужо было зазначана ў папярэдняй перадачы, саборы склікаліся толькі ў надзвычайных умовах, калі над Касцёлам навісала нейкая небяспека. Першы сабор — у Нікеі — з’яўляецца яскравым пацвярджэннем гэтаму! Для знаўцаў гісторыі Касцёла гэты сабор у першую чаргу асацыіруецца не столькі з прававернымі абаронцамі каталіцкай веры, колькі з іменем ерэтыка Арыя — таго, хто непасрэдна стаў прычынай склікання гэтага сабору. Сутнасць арыянізму заключаецца ў тым, што яно адкідвае Боства Езуса Хрыста. Не засяроджваючыся на тэалагічных інсінуацыях, можна толькі сказаць, што гэтае сцвярджэнне было не толькі памылковым, але і небяспечным, бо ў перспектыве адкідвала не толькі Боства Езуса, але і Ягоную ахвяру на крыжы і ўваскрасенне. Саборавыя айцы рашуча супрацівіліся такім поглядам, сцвярджаючы, што Езус Хрыстус ёсць «Бог ад Бога, Святло ад Святла, народжаны, не створаны, адзінасутны Айцу». Пазней гэтая праўда была яшчэ раз пацверджана на Другім Паўсюдным Саборы ў Канстанцінопалі ў 381 годзе. Як бачым, першыя саборы займаліся не нейкімі вузка тэалагічнымі пытаннямі! Іх пасяджэнні, дыскусіі, прапановы былі прасякнуты духам адказнасці і любові да Касцёла, клопатам аб яго будучыні. На гэтых саборах былі ўзняты і канкрэтна акрэслены пытанні з хрысталогіі —боская і чалавечая прырода Езуса Хрыста, марыялогіі — Божае мацярынства Марыі, культу ікон і многія іншыя. Акрамя таго, на гэтых саборах праявілі сябе як дбайныя абаронцы праўдзівай веры такія знакамітыя постаці, як святы Атаназій, святы Грыгорый Назіянскі, Кірыл Александрыйскі.

Вядома, акрамя гэтых, так знакамітых і важных сабораў, адбывалія і іншыя ўрачыстыя сустрэчы біскупаў. Тут можна ўзгадаць саборы, якія праходзілі ў Ліёне, у Рыме — так званыя латэранскія саборы, а пазней і ватыканскія, а таксама ў Фларэнцыі. Праблематыка гэтых сабораў была даволі разнастайная: ад вузка багаслоўскіх пытанняў да палітычных, юрыдычных і арганізацыйных.

На маю думку, прыглядаючыся да сабораў сярэднявечча і больш позняй эпохі, варта звярнуць увагу на той, які адбыўся ў адным з гарадоў паўночнай Італіі, а менавіта ў Трыдэнце. Працягваўся ён з рознымі перапынкамі ад 1545 да 1563 года. Гэта быў сабор, які значна паўплываў на развіцце Касцёла ў будучых стагоддзях. Пастулаты гэтага сабору для многіх пакаленняў вернікаў сталі падставамі ідэнтыфікацыі сябе з Каталіцкім Касцёлам. Як вядома, быў ён скліканы ў цяжкі час: канфесійныя падзелы, рэлігійныя войны, дактрынальныя спрэчкі скалыхнулі і, без перабольшвання можна сказаць, змянілі аблічча тагачаснай Еўропы. Усё тое, што здавалася б праверана «часам» і досведам многіх пакаленняў, было паддадзена рэвізіі і скептычнай ацэнцы. Таму паўстала патрэба ясна акрэсліць асноўныя праўды веры. Можа, мы да канца і не ўсведамляем, але Трыдэнцкі Сабор аказаў значны ўплыў на нашыя адносіны да літургі, сакрамэнтаў, Святога Пісання, і аказвае гэты ўплыў па сённяшні дзень. Гэта той сабор, які адважна бараніў рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі, не баяўся падкрэсліць ролю і аўтарытэт біскупаў — пераемнікаў апосталаў у кіраванні Касцёлам. Дякуючы яму паўсталі шматлікія каталіцкія ініцыятывы ў адукацыі і дабрачыннасці…

Яшчэ адным, і без сумнненяў найважнейшым саборам, які аказаў уплыў на развіццё Касцёла ў сучаснасці, з’яўляецца Другі Ватыканскі Сабор. Але аб гэтым мы паразважаем у нашай наступнай перадачы ў бліжэйшы чацвер!

Кс. Віталь Сідорка








All the contents on this site are copyrighted ©.