2012-11-29 11:59:18

Спецыяліст па адносінах паміж СМІ і Касцёлам аб твітэр-мікраблогу Папы


RealAudioMP3 Абвешчанае адкрыццё твітэр-мікраблогу Бэнэдыкта XVI выклікала некаторыя дыскусіі адносна таго, ці павінен Касцёл ісці за “камунікацыйнай модай” і ці не прывядзе гэта да пераўтварэння евангельскага паслання ў слоганы. На гэту крытыку адказаў у інтэрв’ю нашаму радыё спецыяліст у галіне адносін паміж Касцёлам і СМІ, галоўны рэдактра часопісу “La Civiltà Cattolica”, блогер і журналіст, кс. Антоніа Спадара. Паводле яго, 3 снежня (дзень калі пачне дзейнічаць мікрабог Папы ў “Твітэры”) блізкі да 12 лютага. А менавіта ў гэты дзень у 1932 г. Пій XI упершыню звярнуўся да вернікаў на хвалях Ватыканскага радыё. “Праз прысутнасць Бэнэдыкта XVI у “Твітэры” пашырыцца магчымасць дзялення евангельскім пасланнем”, - адзначыў эксперт.

Адказваючы на пытанне, чаму Папа абраў менавіта сацыяльную сетку, кс. Спадара адзначыў, што сёння занадта мала проста перадаваць рэлігійнае пасланне, але ім неабходна дзяліцца. Сацыяльныя сеткі, на яго думку, як раз з’яўляюцца такім месцам, дзе адбываецца дзяленне каштоўнасцямі, ідэямі, жаданнямі, пытаннямі і адказамі. Таму, на думку езуіта, прысутнасць Папы ў “Твітэры” цалкам “нармальная: гэта значыць, адпаведная таму спосабу, якім камунікуе сучасны чалавек”.

Кс. Спадара адзначыў, што стварэнне твітэр-мікрабогу Папы не абумоўлена гонкай за модай ці проста жаданнем “быць прысутным”. Наадварот, гэта наступства адносін паміж СМІ і Касцёлам, якія развіваюцца на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Ён нагадаў словы Святога Айца аб тым, што сацыяльныя сеткі “могуць дапамагчы сучаснаму чалавеку знайсці прастору для цішыні, нагоду да малітвы, медытацыі, дзялення Божым Словам”. Гэта, паводле святара, абумоўлівае прысутнасць хрысціян у інтэрнэце: яны тут не “з-за моды”, але таму што сучасны чалавек “жыве” таксама і тут.

Езуіт нагадаў, што паводле Папы у кароткіх пасланнях, “часта не даўжэйшых за біблійны верш”, якія характэрны для сацыяльных сетак, “можна выказваць глыбокія думкі”, які дапамогуць людзям у працы над іх унутраным светам . Гэта, аднак, на думку кс. Спадара патрабуе вялікай працы над мовай, каб у кароткіх пасланнях злучыць мудрасць і канкрэтнасць і, такім чынам, “расчапіць штодзённасць і пасеяць у ёй маленькае зерне – элемент разважання і медытацыі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.