Як казаць аб Богу
у наш час? Адказу на гэта пытанне Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваю катэхезу, прамоўленую
падчас агульнай аўдыенцыі 28 лістапада. Папа нагадаў, што гэта пытанне таксама ставіў
перад сваімі вучнямі Езус Хрыстус: “З чым параўнаем Божае Валадарства? Ці ў якой прыпавесці
выявім яго?”, - пытаўся ён. Святы Айцец падкрэсліў: каб адказаць на гэта пытанне,
неабходна “углядацца ў тое, як сам Бог дзейнічаў у гісторыі, бо Ён асабіста ўвайшоў
у адносіны з чалавекам, больш за тое, Ён сведчыў аб самім сабе аж да ўцелаўлення”.Паводле
Бэнэдыкта XVI, каб казаць аб Богу “трэба перш за ўсё вельмі добра разумець тое, што
мы павінны прынесці мужчынам і жанчынам нашага часу, а менавіта, Бога Езуса Хрыста,
як адказ на фундаментальныя пытанні аб тым, для чаго і як жыць”. “Таму, размовы аб
Богу патрабуюць пастаяннага ўзросту веры, блізкасці з Езусам і Яго Евангеллем, глыбокага
ведання Бога і моцнай адданасці Яго плану збаўлення, не паддаючыся спакусе дасягнення
вялікага поспеху, але наследуючы метады Бога – уцелаўленне ў простым доме ў Назарэце
і бэтлеемскай пячоры, прыпавесць аб гарчычным зярнятку. Трэба не баяцца маленькіх
крокаў і давяраць зачыну, які пранікае ў цеста і таямнічым спосабам яго павялічвае”,
- сказаў Папа.
Бэнэдыкт XVI нагадаў аб прыкладзе св. Паўла, які не сведчыў
аб самім сабе, але пераадольваў вялікія дыстанцыі з адзіным жаданнем – абвяшчаць Хрыста
ўкрыжаванага, крыніцу збаўлення, які заваяваў яго на дарозе ў Дамаск. “Перадаваць
веру, для св. Паўла, не азначала несці самаго сябе, але адкрыта і публічна казаць
аб тым, што бачыў і чуў падчас сустрэчы з Хрыстом, што перажыў у сваім жыцці, змененым
гэтай сустрэчай”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
Паводле Пантыфіка, чым больш
мы будзем ставіць у цэнтр Бога, а не нас саміх, тым больш наша камунікацыя будзе плённай.
Папа падкрэсліў, што евангелізацыя адбываецца праз сведчанне аб дзейнасці Бога: “хрысціянскія
супольнасці пакліканы да таго, каб паказаць перамяняючую дзейнасць Божай ласкі, пераўзыходзячы
індывідуалізм, закрытасць, эгаізм, абыякавасць і жывучы штодзённымі адносінамі з Богам.
Ці сапраўды нашы супольнасці такія?”, - спытаўся Папа.
Таксама Святы Айцец
нагадаў, як абвяшчаў сам Езус. “Езус казаў аб сваім Айцу – называючы яго Абба – і
Божым Валадарстве, з позіркам поўным спачування пралемам і цяжкасцям чалавечага існавання
(...) З Евангелляў мы бачым, што Езус цікавіўся кожнай чалавечай сітуацыяй, якую сустракаў,
як уваходзіў у рэчаіснасць мужчын і жанчын свайго часу, з поўным даверам на дапамогу
Айца. І вучні, якія жылі з Езусам, натоўпы, якія Яго сустракалі, бачылі Яго рэакцыю
на самыя вялікія праблемы, бачылі, як Ён прапаведваў, як сябе паводзіў; бачылі ў Ім
дзейнасць Святога Духа, дзейнасць Бога”, - адзначыў Папа.
Паводле Святога Айца,
гэты стыль з’яўляецца “важным прыкладам для хрысціян”: “наш спосаб жыцця верай і любоўю
становіцца сёння абвяшчэннем Бога, таму што праз жыццё, пражытае з Хрыстом, больш
перакаўча паказваецца тое, што кажам словамі”. Бэнэдыкт XVI заклікаў быць больш уважлівымі
да знакаў нашай эпохі, каб вылучаць патэнцыял, жаданні і перашкоды, якія сустракаюцца
ў сучаснай культуры. Ён звярнуў увагу на распаўсюджанае жаданне праўдзівасці, гарачае
імкненне да трансцэндэнтнасці, увагу да клопату аб стварэнні. Паводле Папы, неабходна
без страху перадаваць тое, што дае вера ў Бога адносна гэтых жаданняў сучаснага чалавека.
Напрыканцы
Пантыфік нагадаў, што прывілеяваным месцам для абвяшчэння Евангелля з’яўляецца сям’я.
Ён заклікаў бацькоў заўсёды шукаць адпаведныя моманты, каб размаўляць аб веры і выхоўваць
у сваіх дзецях крытычнае стаўленне да тых шматлікіх сітуацый, у якія яны могуць патрапіць.
“Казаць аб Богу, азначае даць зразумець, словамі і ўчынкамі, што Бог – гэта не канкурэнт
нашага жыцця, але, перш за ўсё яго, сапраўдны гарант, вялікі гарант велічы чалавечай
асобы”, - звярнуў увагу Папа падчас сваёй катэхезы.