Італьянскі кардынал названы “Справядлівым сярод народаў свету”
За выратаванне сотняў
яўрэяў у 1943-44 гадах, былы арцыбіскуп Фларэнцыі кардынал Эліа Далла Коста, памерлы
ў 1961 г., пасмяротна прызнаны іерусалімскім цэнтрам “Яд ва-Шэм” “Справядлівым сярод
народаў свету”. Іерарх пасля нямецка-фашысцкай акупацыі Італіі, разам з прадстаўнікамі
яўрэйскай супольнасці, выратаваў многіх італьянскія яўрэяў і яўрэйскіх ўцекачоў з
Францыі і Югаславіі ад дэпартацыі. Так патлумачыў прадстаўнік ізраільскага мемарыялу
Халакоста прысуджэнне кардыналу пачэснага звання.
Апрача таго, арцыбіскуп Фларэнцыі
мабілізаваў свайго асабістага сакратара і дыяцэзіяльнае духавенства да пошуку прытулку
для яўрэяў у мясцовых кляштарах. Ён граў “цэнтральную ролю ў арганізацыі і функцыянаванні
разгалінаванай сеткі выратавання”, - паведаміў прадстаўнік “Яд ва-Шэм”. Часам кардынал
Далла Коста размяшчаў яўрэйскіх бежанцаў непасрэдна ў сваім палацы. Калі ў снежні
1943 г. у выніку здрады большасць яўрэяў былі арыштаваны, адказнасць за іх ўкрыццё
была ўскладзена ў асноўным на прадстаўнікоў Касцёла. Многія з іх заплацілі арыштамі
і катаваннямі.
Далла Коста быў прызначаны арцыбіскупам Фларэнцыі ў 1931 г.,
а праз два гады яму была нададзена кардынальская годнасць. Падчас візіту Гітлера ў
Фларэнцыю ў 1938 г., ён дэманстратыўна зачыніў вокны арцыбіскупскага палацу ў знак
пратэсту і сам не прысутнічаў на мерапрыемстве. З 1981 г. трывае беатыфікацыйны працэс
іерарха.