2012-11-27 10:30:14

Маскоўскі Патрыярхат падтрымаў епіскапат Францыі


RealAudioMP3 Кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён звярнуўся са словамі падтрымкі да арцыбіскупа Парыжскага кардынала Андрэ Вэн-Труа, у якіх выказаў гатоўнасць Рускай Праваслаўнай Царквы разам працаваць у імя абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў. Падставай для ліста, стаў распрацаваны кіруючай у Францыі Сацыялістычнай партыяй законапраект, які прадугледжвае легалізацыю аднаполых саюзаў.

“Хацеў бы выказаць салідарнасць і падтрымку Вашай паслядоўнай і бескампраміснай пазіцыі, якая прадстаўляе сапраўды хрысціянскі пункт гледжання на дадзеную праблему”, - сказана ў лісце Мітрапаліта Іларыёна, які цытуе “Інтэрфакс”. Прадстаўнік Праваслаўнай Царквы са шкадаваннем назірае за тым, як “у краіне, якая мае глыбокія хрысціянскія карані, адбываецца размыванне маральных прынцыпаў у асабістым і грамадскім жыцці”. У сувязі з гэтым ён запэўніў кардынала, што Маскоўскі Патрыярхат гатовы разам з Канферэнцыяй Біскупаў Францыі працаваць у імя абароны евангельскіх этычных каштоўнасцяў.

“Прыемна, што французы, якія захоўваюць вернасць традыцыйнай маралі, не засталіся абыякавыя да непрымальнай для хрысціян ініцыятывы французскіх уладаў. Пра гэта сведчаць шматлікія дэманстрацыі, што адбыліся нядаўна ў шэрагу гарадоў рэспублікі, супраць легалізацыі сужыцця асоб аднаго полу. Спадзяюся, што здаровыя сілы французскага грамадства і ў далейшым будуць актыўна адстойваць традыцыйную мараль”, - напісаў Мітрапаліт Іларыён.







All the contents on this site are copyrighted ©.