2012-11-27 10:00:19

Кардынал Таран у Вене: паважаць іншыя рэлігіі, ведаць іх і супрацоўнічаць


RealAudioMP3 26 лістапада ў Вене адкрыўся Міжнародны цэнтр па міжрэлігійным дыялогу імя караля Абдалы, створаны па ініцыятыве Саудаўскай Аравіі, Аўстрыі і Іспаніі. Паколькі ў працы цэнтра будзе ўдзельнічаць і Апостальская Сталіца, на яго адкрыцці прысутнічаў кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Ён перадаў асабістае прывітанне Святога Айца заснавальнікам Цэнтра і пажаданне яго поспяховай дзейнасці. На думку ватыканскага іерарха, гэты цэнтр “уяўляе сабой яшчэ адну магчымасць для адкрытага дыялогу па многіх пытаннях, у тым ліку звязаных з асноўнымі правамі чалавека, у прыватнасці рэлігійнай свабодай ва ўсіх яе аспектах, для кожнай асобы, для кожнай супольнасці, паўсюль”.

Падчас свайго выступлення на адкрыцці ўстановы кардынал Таран нагадаў, што Святы Пасад асабліва ўважліва ставіцца да лёсу хрысціянскіх супольнасцяў у краінах, дзе такая свабода не “гарантавана ў адэкватным памеры”. Іерарх выказаў спадзяванне, што Цэнтр будзе цікавіцца такімі выпадкамі і рэагаваць на іх у супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі, “для таго, каб нашы сучаснікі не былі пазбаўлены святла і рэсурсаў, якія рэлігія прапаноўвае для шчасця кожнай асобы”.

Для таго, каб спрыяць матэрыяльным, маральным і рэлігійным памкненням кожнага чалавека, на думку кардынала, трэба выканаць тры галоўныя ўмовы: “паважаць іншага, улічваючы яго асаблівасці; мець аб’етыўныя веды аб рэлігійнай традыцыі адзін аднаго, якія трэба здабываць перш за ўсё на шляху адукацыі; супрацоўнічаць для таго, каб наша пілігрымка да Праўды была рэалізавана ва ўмовах свабоды і спакою”.

Кардынал Жан-Луі Таран запэўніў усіх у супрацоўніцтве з боку Каталіцкага Касцёла ў рэалізацыі гэтых трох пунктаў у рамках новастворанага Цэнтру і выказаў перакананне, што працаваць трэба ў “духу братэрства і сяброўства”.







All the contents on this site are copyrighted ©.