2012-11-25 11:10:15

Беларусь: як пісаць хрысціянскія навіны?


RealAudioMP3 Як навучыцца пісаць навіны – гэтым пытаннем, аказваецца, задаюцца не толькі прафесійныя журналісты. А калі гаворка ідзе пра хрысціянскія навіны – нават для апошніх гэта можа стаць складанасцю. У Мінску прайшоў цікавы майстар-клас. Лікбез па стварэнні навін правяла Алена Кулыгіна, рэдактар Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны. Калі ёсць цікавая навіна хрысціянскага характару, адзначыла лектар, заўсёды трэба памятаць яшчэ і аб форме і мэтавай аўдыторыі.

“Галоўныя парады – гэта павышаць свой прафесійны ўзровень, прыслухвацца да мэтавых аўдыторый, таму што яны бываюць розныя, а таксама пісаць коратка, моцна, каб з патоку навін, які на нас абрушваецца кожны дзень, людзі маглі пачуць тое пасланне, якое мы нясём, а для гэтага яно павінна быць у той форме, якая можа быць пачута”, - лічыць эксперт.

Як быць пачутымі – старанна слухалі 20 чалавак – з Мінска, Віцебска, Ліды, Гродна, Пінска. Сярод іх – асобы з гуманітарнай і тэхнічнай адукацыяй, семінарысты і свецкія вернікі. Аб’ядноўвае іх тое, што яны не працуюць у сродках масавай інфармацыі, але вельмі жадаюць сведчыць аб жыцці Каталіцкага Касцёла з дапамогай інфармацыі – будзь-то навіна для каталіцкага парталу, артыкул у мясцовую парафіяльную газету, ці паведамленне ў сацыяльнай сетцы. Тэорыі шмат, шмат практычных прыёмаў, але галоўнае, што набылі слухачы падчас майстар-класу – гэта запал і імпульс дзейнічаць – падвёў вынік адзін з арганізатараў сустрэчы Віталь Палінеўскі, супрацоўнік каталіцкага інтэрнэт-парталу “Catholic.by”.

“Кожны з нас пакліканы быць апосталам. І кожны з нас тым ці іншым чынам можа сведчыць сваёй штодзённасцю, у сваім штодзённым жыцці. А сучасныя сродкі масавай камунікацыі даюць магчымасць звяртацца да больш шырокай аўдыторыі, да людзей, з якімі, магчыма, не сустрэўся б у рэальным жыцці. Я думаю, што на сённяшні дзень, ігнараваць гэтыя магчымасці – гэта занядбаць сваё апостальства”, - лічыць каталіцкі журналіст.

Не выпадкова выбрана і тэма майстар-класу – навіны. Бо гэты жанр мае на ўвазе паведамленне факту, а не павучанне. Такім чынам, ненадакучліва католікі могуць заявіць аб сабе, аб пазіцыі Касцёла, магчыма, паўплываць і на адносіны аўдыторыі да Касцёла, ці асабістыя з Богам. Такія сустрэчы, у ідэале, павінны стаць рэгулярнымі – вучыцца ніколі не позна. Як непрафесіяналам, так і журналістам, працуючым у каталіцкіх мас-медыя. Дарэчы з іх развіццём Алена Кулыгіна пазнаёмілася на I Кангрэсе каталіцкіх СМІ ў Гродна і адзначыла шмат зробленага ў гэтым напрамку.

“Тое, што ёсць такі сайт, прафесійны, актыўны, які часта абнаўляецца, як “Catholic.by” – гэта ўжо прыклад для іншых. І гэта вельмі добра, што ён змог стаць пляцоўкай, якая аб’ядноўвае людзей, што жадаюць развівацца далей, напрыклад, у бок стварэння хрысціянскага тэлебачання або каталіцкага радыё ў Беларусі. Гэта той шлях, якім ідзе Украіна апошнія гады. Выдатна тое, што ў вас ёсць бачанне Касцёла, бачанне епіскапату на развіццё служэння ў мас-медыя, і гэта вельмі выдатна”, - падкрэсліла госця з Украіны.

І галоўнае тое, што ёсць людзі, жадаючыя рухацца наперад. А набыць майстэрства – усяго толькі справа часу.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.