2012-11-24 13:43:11

Кардынал Тарксан: мір на зямлі знаходзіцца ў прамой залежнасці ад рэлігійнай свабоды


RealAudioMP3 На прамую сувязь паміж рэлігійнай свабодай і мірам указаў у сваім прывітанні да ўдзельнікаў ІХ Міжнароднага кангрэсу Ордэну Трынітарыеў кардынал Пітэр Тарксан. Старажытны ордэн на працягу вякоў адной са сваіх галоўных місій лічыў пашырэнне міру. Старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” падкрэсліў, што мір на зямлі знаходзіцца ў прамой залежнасці ад рэлігійнай свабоды, якая з’яўляецца асновай усіх свабод, што і абвяшчаў заўсёды Ордэн, заснаваны ў ХІІ ст. св. Жанам дэ Мата. За шэсць стагоддзяў дзейнасці айцы Ордэну Найсвяцейшай Тройцы вызвалілі дзясяткі тысяч нявольнікаў, прадстаўнікоў розных рэлігій, даўшы ім магчымасць свабодна шукаць дарогу да Бога, падкрэсліў іерарх.

Ён нагадаў, што пасля ІІ Сусветнай вайны чалавецтва асабліва моцна жадае міру. Іерарх лічыць, што гэта жаданне не споўнілася, бо ў сучасным свеце не захоўваецца права чалавека на свабоду, прычым часта – на свабоду вызнання веры. Кардынал Тарксан прывёў яскравыя прыклады сучаснага пераследу і дыскрымінацыі ў адносінах да хрысціян, перш за ўсё у Сірыі і Егіпце, дзе напады на вызнаўцаў Хрыста прымусілі 600 тыс. з іх стаць бежанцамі. Іерарх не заставіў без увагі таксама трагічную сітуацыю хрысціян у Пакістане.

“Хрысціяне, як найбольш пераследаваная група ў свеце, павінны быць у шэрагу першых носьбітаў ідэі міра”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх. Ён запэўніў, што Святы Пасад не спыніцца абараняць пераследаваных і выступаць супраць выкарыстання і знішчэння чалавека чалавекам.








All the contents on this site are copyrighted ©.