На сённяшні дзень
ў Ватыканскім этнаграфічным музеі захоўваецца больш за 80 тыс. экспанатаў з розных
краін свету – гэта амаль палова з усёй калекцыі Ватыканскіх музеяў. Ад малюнкаў на
камянях аўтраства аўсталійскіх абарыгенаў да твораў мастацтва з Кітая і Японіі, ад
драўляных палінэзійскіх фігурак да каменных індзейскіх скульптур дакалумбавай эпохі,
ад пафарбаваных пер’яў з Папуа-Новай Гвінеі да цудоўнай керамікі з Блізакага Усходу
– усе гэтыя экспанаты прадстаўлены ў адпаведным каталогу, прэзентацыя якога адбылася
ў Ватыкане 22 лістапада. “Няма ніводнага кантынента, няма ніводнай гістарычнай эпохі,
якая б не была годна прадстаўлена ў Этнаграфічным музеі”, - адзначыў удзельнік прэзентацыі
кардынал Джаванні Лаёла, былы кіраўнік Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.
Паводле
сённяшняга “L’Osservatore Romano” кожны з гэтых экспанатаў з’яўляецца паслом культуры,
які прадстаўляе і дае голас народам, спрыяючы, праз мастацтва, сустрэчы паміж людзьмі
і рэлігіямі.
Каталог падрыхтаваны ў Ватыкане скаладаецца з двух асноўных частак.
Першая прысвечана “племянному мастацтву”: тут змешчаны фотаздымкі і апісанне экспанатаў
з Аўстраліі, Акіяніі, Афрыкі і абодвух Амерык. Акрамя таго, спецыяльны раздзел прысвечаны
дакалумбаваму мастацтву, дагістарычным находкам і экспанатам, якія тычацца пляменаў
Азіі. Другая частка каталога прысвечана усходняму мастацтву: пераважна кітайскаму,
японскаму, індыйскаму, а таксама мусульманскаму.
Паводле дырэктара Ватыканскіх
музеяў Антоніо Паўлучы каталог дазваляе паказаць усім, што “Папскія музеі не абмяжоўваюцца
Сікстынскай капэлай і Лаакаонам, але ахопліваюць культуры ўсяго свету і ўсіх гістарычных
эпохаў”.