2012-11-22 12:16:32

Яслі і ёлка на плошчы св. Пятра – сёлета бясплатна для Ватыкану


RealAudioMP3 Сёлета ўпершыню ўсталяванне святочнай ёлкі і ясляў на плошчы св. Пятра не будзе каштаваць Святому Пасаду ні цэнта. Усе выдаткі на сябе ўзяў італьянскі рэгіён Базыліката. З яго і прыбудзе сёлетняя калядная ёлка. Адміністрацыя рэгіёну ўзяла на сябе таксама выдаткі звязаныя з эксплуатацыяй святочнай дэкарацыі на ватыканскай плошчы, размова ідзе перш за ўсё пра аплату электрычнасці. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Губернатарата Дзяржавы Ватыкан кардынал Джузэпэ Бэртэла. Ён прызнаўся, што яслі ў гэтым годзе будуць узбагачаны класічнымі элементамі базыліканскай іканаграфіі і традыцыйнага адзення гэтага рэгіёну. Самі яслі атрымаюць выгляд аднаго з “пячорных” касцёлаў горада Матэры, - паведаміу іерарх.

Светлавая інсталяцыя святочнай кампазіцыі сёлета будзе ўключана не толькі ноччу, але і на працягу дня. Сцэна Нараджэння плошчай у 225 м. кв. была створана Францчэска Артэзэ. Ён выкарыстаў у ёй фігуры людзей вышынёй 35-50 см і апрануў іх у сялянскае базыліканскае адзенне. Напрыклад касцюмы пастухоў былі вышыты ўручную на ўзор тых, якія насілі сяляне гэтага рэгіёну ў 50-я гады мінулага стагоддзя.

Кардынал Бэртэла паведаміў , што Святы Пасад вырашыў і ў наступныя гады прапанаваць іншым рэгіёнам не толькі ахвяраванне святочнай ёлкі, але і пакрыццё ўсіх коштаў, звязаныя з мантажом і ўтрыманнем святочнай дэкарацыі на ватыканскай плошчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.