2012-11-22 12:40:22

Бэнэдыкт XVI: пакаранне злачынцаў павінна спрыяць іх выпраўленню


RealAudioMP3 Дыскусіі аб пенітэнцыярнай сістэме часцей тычацца санкцый, працэсуальных момантаў ці таго, каб пакаранне адпавядала здзейсненым злачынствам, аднак, меншая ўвага надаецца пытанню “справядлівасці” у адносінах да годнасці і правоў зняволеных. На гэта звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з кіраўнікамі пенітэнцыярных устаноў краін членаў Савета Еўропы, якая прайшла 22 лістапада ў Ватыкане. Паводле Святога Айца, само грамадства зацікаўлена ў тым, “каб вярнуць сабе чалавека, які зможа ўнесці каштоўны ўклад у дабро ўсіх”, а не яшчэ больш небяспечнага злачынцу. На думку Папы, на працягу апошніх гадоў у гэтай сферы “быў дасягнуты пэўны прагрэс, але шлях застаецца яшчэ доўгім”. Пантыфік падкрэсліў, што справа не тычыцца толькі паляпшэння ўмоў утрымання асуджаных, але гарантавання ім больш эфектыўных метадаў падтрымкі і выхавання.

“Паколькі чалавечая справядлівасць у гэтай сферы можа ўлічваць Боскую справядлівасць і кіравацца ёй, трэба, каб перавыхаваўчая функцыя пакарання не лічылася нечым дадатковым ці другасным у пенітэнцыярнай сістэме, але наадварот – кульмінацыйным і канчатковым момантам. Мэтай “рэалізацыі справядлівасці” не з’яўляецца выключна пакаранне злачынцы, але імкненне, каб падчас пакарання рабілася ўсё магчымае для выпраўлення і паляпшэння гэтага чалавека. Калі гэтага не адбываецца – не рэалізуецца сапраўдная справядлівасць”, - адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў важную і складаную ролю турэмнага персаналу, якая, паводле яго, звязана між іншым з місіяй Хрыста, які прыйшоў клікаць не справядлівых, а грэшнікаў. Пантыфік заахвоціў працуючых у турмах падтрымліваць зняволеных і спрыяць нараджэнню ў іх самых шляхетных і глыбокіх аспектаў, жыццёвага энтузіязму і жадання ўласнай прыгажосці, уласцівага тым, хто адкрывае, што носіць у сабе вобраз самаго Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.