2012-11-21 14:14:21

ААН удзячная Святому Пасаду за супрацоўніцтва ў марскім сектары


RealAudioMP3 Праходзячы ў Ватыкане ХХІІІ Сусветны кангрэс душпастырства працуючых на моры засяродзіўся 21 лістапада на некалькіх важных для гэтага сектару справах. У прыватнасці, размова ішла пра праблему марскога пірацтва. Індыйскі святар Энтані Балісвамі выступіў у сувязі з гэтым з некалькімі канкрэтнымі прапановамі. Ён заклікаў да большага парадку і кантролю ў портах і стварэння дакладных карт з межамі нацыянальных вод. Душпастыр падкрэсліў, што рэальная перамога над пірацтвам можа адбыцца праз абуджэнне сумленнасці ўсіх працуючых на моры, для чаго неабходна актыўная праца капеланаў.

Менавіта сумленнасці ў сектары, дзе найбольш яскрава праяўляецца эксплуатацыя чалавека, быў прысвечаны даклад прадстаўніка Міжнароднай арганізацыі працы ААН Брэнда Вагнэра. Ён падзякваў Папскай радзе пастырства эмігрантаў і падарожнікаў за супрацоўніцтва з 2006 г., якое прыносіць плёны ў выглядзе паляпшэння ўмоў працы на моры і звароту ўвагі на праблемы працуючых у гэтым сектары.

Капелан бельгійскіх рыбакоў кс. Дзірк Дэмэгт паінфармаваў, што для душпастырскай і прававой дапамогі працуючым у гэтай сферы ў Бельгіі актыўна выкарыстоўваецца Інтэрнэт. Ён прызнаўся, што значнай праблемай сярод маракоў у апошні час пачала быць наркаманія. Менавіта на гэта звяртаюць увагу асаблівым чынам бельгійскія капеланы.

Канрэс працягнецца да 23 лістапада. На ім сабралася больш за 400 асоб з 71 краіны свету. У заключны дзень форуму ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.