2012-11-19 11:43:58

“Скрутак веры” усталяваны на плошчы св. Пятра ў Рыме


RealAudioMP3 На плошчы св. Пятра ў Рыме ўсталяваны так званы “Скрутак веры” –новая ініцыятыва з нагоды Году веры для наведвальнікаў Ватыкана. Гэта спецыяльны скрутак, які мае каля 50 метраў даўжыні, дзе пілігрымы могуць напісаць, чым для іх з’яўляецца вера, а таксама пакінуць інтэнцыі, за якія будзе адпраўляцца св. Імша ў Ватыканскай Базіліцы. Першым, хто пакінуў свае разважанні на тэму хрысціянскай веры, быў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. Іерарх пакінуў такое пасланне: “Перад шматлікімі пытаннямі, якія ўзнікаюць у сэрцы кожнага чалавека аб сэнсе свайго жыцця, вера прадстаўляецца як апошні і канчатковы адказ, таму, што прымушае чалавека сустрэць аблічча Езуса Хрыста, Сына Божага”.

Іерарх у інтэрв’ю нашаму радыё адзначыў, што гэта ініцыятыва выразу досведу веры, малітвы і сведчання таксама становіцца вопытам камунікацыі. “На скрутку пілігрымы могуць пісаць таксама тое, што яны перажылі падчас наведвання магілы св. Пятра ”, - сказаў іерарх. На думку арцыбіскупа Фізікелы запісы пілігрымаў – гэта сведчанне удзелу ў вялікай веры, якой з’яўляецца вера Касцёла, які дзейнічае ва ўсім свеце. Тут вернікі могуць пісаць на ўсіх мовах свету: ад кітайскай, англійскай, партугальскай, італьянскай і іншых. Па словах кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі разнастайнасць моў становіцца таксама выразам адзінай мовы, якая для нас агульная - мова нашай веры. Іерарх выказаў надзею, што гэтая ініцыятыва стане таксама прыладай для выражэння багацця шматлікіх малітваў і вялікага вопыту веры, набытага тут, у Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.