2012-11-16 15:33:47

Хрысціянскія СМІ ў сучасным свеце: цяжкасці дыялога і надзея на ўзаемаразуменне


RealAudioMP3 Апошнія тэндэнцыі ў дыялогу хрысціянства з сучасным светам даюць падставу для аптымістычных ацэнак ў яго развіцці – да такога вывада прыйшлі ўдзельнікі канферэнцыі “СМІ пасля постсацыялізма: трэнды 2000-х”, якая адбылася 15-16 лістапада ў Маскоўскім Дзяржаўным Універсітэце. Для пераадолення цяжкасцяў дыялога і дасягнення ўзаемаразумення перш за ўсё трэба высвятленне ўзаемных чаканняў Касцёла і СМІ, будаванне канструктыўнага дыялога і фарміраванне узгодненай “павесткі дня”, адзначалі дакладчыкі. Загадчыца кафедры журналістыкі і сувязяў з грамадскасцю Расійскага Праваслаўнага Універсітэта, дарадчык кіраўніка Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Рускай Праваслаўнай Царквы Алена Жосул расказала аб новых ініцыятывах, накіраваных на разбурэнне міфаў і стэрэатыпаў аб праваслаўі ў публічнай сферы. У прыватнасці, у цяперашні час рыхтуецца да выдання даведнік для журналістаў, у якім утрымліваюцца іх тыповыя памылкі ў асвятленні дзейнасці РПЦ і рэкамендацыі да таго, каб іх пазбягаць.

Кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня падкрэсліў, што “магчымасці планетарнай камунікацыі адпавядаюць паўсюднаму характару Касцёла”, аднак, разам з тым, яны “нясуць рызыку згубы глыбокага і поўнага погляду”.

Сярод асноўных праблем сучасных хрысціянскіх СМІ святар адзначыў, што ў сваёй большасці ініцыятывы трымаюцца на энтузіазме рэдакцый, якія часта не атрымліваюць якой-небудзь маральнай (і тым больш матэрыяльнай) падтрымкі і разумення з боку іерхаічнага Касцёла. Пры гэтым, паводле кс. Амяльчэні, недахоп прафесіяналізма часта ў касцёльным асяроддзі нават не разумеецца, як праблема.

Рэлігійныя СМІ стаяць перад выклікам вывучэння мовы перадачы пасланння, ім не хапае зразумелай і адказнай мовы, адзначыў дакладчык. Паводле яго, не абыйшло бокам хрысціянскія СМІ і імкненне да папулізма за кошт прымітывізацыі свайго паслання. “Многія з выдаўцоў рэлігійных СМІ нібыта забылі задаць сабе пытанні аб місіі і мэтавай аўдыторыі. Яны патрапілі ў пастку думаючы, што іх структуры стануць “СМІ для ўсіх”, але ў рэальнасці іх аўдыторыя стала на парадак меньшай”, - падкрэсліў кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Між іншым, хрысціянскія СМІ пакліканы быць сведкамі не толькі таго, што менавіта супольнасць веры, якой з’яўляецца Касцёл, хоча расказаць аб сабе, але таксама і таго, як Касцёл ацэньвае грамадскія і культурныя працэсы. У сучасным свеце вельмі важна артыкуліраваць “хрысціянскую перспектыву” успрыняцця і інтрэрпрытацыі рэальнасці.

У маскоўскім форуме прынялі ўдзел таксама вядучыя эксперты з Расіі, Германіі, Венгрыі, Украіны, Польшчы, Італіі, Балгарыі і іншых краін.








All the contents on this site are copyrighted ©.