2012-11-16 13:30:16

Дырэктар “Папскай кансерваторыі”: захаваць сакральнасць у літургічнай музыцы


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” надрукавала інтэрв’ю з прызначаным у верасні 2012 г. новым дырэктарам Папскага інстытута сакральнай музыкі Вінчэнца Дэ Грыгорыё. Паводле музыканта і дырыжора, мэта гэтай навучальнай установы заключаецца не ў тым, каб навязаць пэўную канкрэтную мадэль, але навучыць тэхнікам і даць веды, якія будуць служыць як натхненне і навуковая падтрымка, для тых, хто клапоціцца аб сакральнасці ў музыцы. “Было б смешна сёння, любым коштам, імкнуцца вучыць толькі стылям, якія былі вызначаны ў XVI cт. ці яшчэ раней”, - адзначыў Дэ Грыгорыё. Ён расказаў, што ў Касцёле на працягу гісторыі заўсёды развіваліся розныя музычныя стылі – ад аднагалосся да паліфоніі, затым паступова уводзіліся новыя музычныя інструменты. Дырэктар інстытута падкрэсліў, што самыя вялікія музычныя дасягненні XVI - XVIII cт., былі па сваёй прыродзе іннаватыўнымі і не паўтаралі мінулае.

Дэ Грыгорыё расказаў, што працэс запаволіўся пасля Францускай рэвалюцыі, калі напісанне літургічных музычных твораў ўжо не так фінансавалася, як раней. Яшчэ ў 1749 г. папа Бэнэдыкт XIV звяртаў увагу на неабходнасць патрымання высокай якасці літургічнай музыкі. Таксама і Пій Х падкрэсліваў, што “свецкі густ меладрамы” пранік таксама і ў сакральную музыку. Каб захаваць сакральнасць, але ў той жа час не закрывацца на сучаснасць, гэты Пантыфік заснаваў у 1911 г. адпаведны Папскі інстытут.

Дэ Грыгорыё выказаў меркаванне, што электроніка можа стаць на службу літургіі і сакральнай музыкі, калі тыя, хто яе выконваюць будуць мець за плячыма глыбокія веды музычнай “граматыкі, сінтаксіса і традыцыйных форм”.








All the contents on this site are copyrighted ©.