2012-11-14 11:34:55

У Маскве будуць размаўляць пра рэлігію і медыя ў посткамуністычных краінах


RealAudioMP3 Праблемы асвятлення рэлігійнага жыцця ў медыяпрасторы краін, якія перажылі атэістычныя рэжымы, будуць абмяркоўвацца 15-16 лістапада ў Маскве падчас міжнароднай канферэнцыі “СМІ пасля постсацыялізму: трэнды 2000-х”. Працэсы і з’явы ў медыясістэмах СНД, краін Балтыі і Усходняй Еўропы часцей за ўсё апісваюцца ў тэрмінах сацыяльнай трансфармацыі, пераходу ад ранейшай вертыкальнай прапагандысцка-атэістычнай сістэмы да іншай, якая прадугледжвае свабоду слова.

Наколькі спрыяльнымі сталі новыя ўмовы для садзейнічання адраджэнню рэлігійнага жыцця? Які вобраз рэлігіі і рэлігійнасці ствараўся ў свецкіх СМІ? Як пры гэтым развіваліся касцёльныя мас-медыя? Як рэлігійным структурам пабудаваць эфектыўную медыястратэгію і пазбегнуць “інфармацыйных войнаў” супраць рэлігіі? Наколькі рэлігійная свядомасць саміх журналістаў?
Пошукамі адказаў на гэтыя і многія іншыя пытанні будуць займацца падчас канферэнцыі ў Маскоўскім Дзяржаўным Універсітэце эксперты з Польшчы, Беларусі, Венгрыі, Румыніі, Малдовы, Ватыкану, Расіі і іншых краін.

Падчас “круглага стала” пра будучыню рэлігійных медыя адбудзецца абмен думкамі з удзелам прадстаўнікоў праваслаўных, каталіцкіх, юдэйскіх і мусульманскіх СМІ.

Эксперты ў вобласці рэлігіі і камунікацыі збяруцца ў Маскве ўжо ў трэці раз. Даклады ўдзельнікаў канферэнцыі публікуюцца ў кнігах серыі “Рэлігія і медыя”. У чарговым томе будзе апублікаваны даклад праграмнага дырэктара Ватыканскага радыё кс. Анджэя Капроўскага на тэму выклікаў, якія стаяць перад хрысціянскімі радыёстанцыямі.







All the contents on this site are copyrighted ©.