2012-11-13 11:49:30

Кардынал Сара: міжнародная супольнасць павінна паслухаць Бэнэдыкта ХVI


RealAudioMP3 Кардынал Робер Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”, падзяліўся ўражаннямі ад свайго візіту ў Ліван. Бэнэдыкт ХVI скіраваў яго ў якасці свайго асабістага пасланніка да сірыйскіх бежанцаў. Ад імя Пантыфіка іерарх ахвяраваў ім 1 млн. долараў. У інтэрв’ю нашаму радыё кардынал Сара прызнаўся, што гэта маленькая кропля ў параўнанні з рэальнымі патрэбамі гэтых людзей. “Я быў вельмі ўражаны, калі ўбачыў жанчыну з чатырохмесячным дзіцём на руках, якая звярнулася да мяне са словамі “вазьмі яго”, каб выратаваць, - распавёў пасланнік Папы. Ён таксама распавёў аб іншай мусульманскай жанчыне, якая прасіла дапамогі, і калі яе атрымала, вельмі плакала. “Я спытаў, чаму плача, а яна адказала мне: Вы паставіліся да мяне як да чалавека; я нанава адкрыла сваю годнасць, годнасць, якой ніколі не адчувала ў маёй рэлігійнай супольнасці”. Паводле іерарха, гэта сведчыць аб тым, што нават мусульмане былі ўражаны тым, як хрысціяне ставяцца да кожнага чалавека ў патрэбе.

Кардынал Сара заўважыў, што шматлікія сірыйскія ўцекачы вельмі баяцца наплыву ісламскіх фундаменталістаў у іх краіну. Ён дадаў, што і Каталіцкі Касцёл непакоіцца, што хутка ў рэгіёне не застанецца ні аднаго хрысціяніна.

Кардынал Сара адзначыў, што калі міжнародная супольнасць паслухае Бэнэдыкта ХVI і пачне дыялог, тады магчыма будзе знойдзена рашэнне гэтай цяжкай сітуацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.