2012-11-12 11:51:27

Бэнэдыкт XVI: цывілізаванасць грамадства вызначаецца яго адносінамі да пажылых людзей


RealAudioMP3 “Якасць грамадства, яго цывілізаванасць, вызначаецца тым, як ў ім адносяцца да пажылых людзей і якое месца ім адводзіцца ў супольным жыцці”, - з такімі словамі Папа звярнуўся да жыхароў Дома састарэлых у Рыме. 12 лістапада Святы Айцец наведаў гэту ўстанову, якой апякуецца “Супольнасць св. Ігідзя” у рамках Еўрапейскага года актыўнасці старэйшых асоб і салідарнасці пакаленняў. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што асабіста ведае пра цяжкасці звязаныя з пажылым узростам, але заклікаў прысутных “не дазволіць суму зняволіць сабе”. “Гэта цудоўна быць пажылым! У кожным узросце трэба быць здольным адкрыць прысутнасць і благаслаўленне Пана і багацце якое ў ім заключаецца”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў цаніць дар доўгага жыцця, нягледзячы на некаторыя “хваробы” і абмежаванні з ім звязаныя. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ў Бібліі старасць лічылася благаслаўленнем Бога, аднак сёння “ у грамадствах часта дамінуе логіка карысці і прыбытку”, і яна не ўспрымаецца так. Старыя людзі лічацца непрадуктыўнымі і бескарыснымі. Аднак паводле Святога Айца так не павінна быць: пажылыя з’яўляюцца носьбітамі жыццёвай мудрасці – вялікага багацця. “Хто пакідае месца для старых – пакідае месца для жыцця! Хто прымае старых – прымае жыццё!”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў: пажылыя з’яўляюцца каштоўнасцю для грамадства, асабліва для маладых пакаленняў. “Немагчымы сапраўдны чалавечы рост і выхаванне без сталага кантакту са старымі, бо само іх існаванне – як адкрытая кніга ў якой маладыя пакаленні могуць знайсці каштоўныя указанні для жыццёвага шляху”, - сказаў Святы Айцец. Акрамя таго, Папа звярнуў увагу на тое, што неабходнасць у дапамозе, звязаная са старым узростам, таксама з’яўляецца дарам: бо гэта – нагода для кантакту, падтрымкі і любові з боку іншых людзей.

Папа заклікаў жыхароў Дома састарэлых памятаць, што яны з’яўляюцца багаццем для грамадства, нават у сваіх пакутах і хваробах. “Гэты перыяд жыцця з’яўляецца дарам таксама для таго, каб паглыбіць адносіны з Богам. Прыклад бл. Яна Паўла ІІ быў і ўсё яшчэ застаецца ззяючым для ўсіх”, - сказаў Папа. Ён заклікаў састарэлых шмат маліцца за Касцёл, за яго самаго, за патрабуючых, бедных, і за тое, каб у свеце не было насілля. “Малітва састарэлых можа бараніць свет, дапамагаючы яму магчыма больш, чым намаганні многіх”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.