2012-11-11 10:01:14

Партугалія стане чарговым месцам сустрэчы “Падворку язычнікаў”


RealAudioMP3 “Каштоўнасць чалавечага жыцця”- гэта тэма, якая стане ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў чарговага этапу ініцыятывы Папскай рады па культуры “Падворак язычнікаў” . 16-17 лістапада яна пройдзе ў двух партугальскіх гарадах, Гімарыйншы і Бразе. Кардынал Джанфранка Равазі, старшыня гэтай ватыканскай дыкастэрыі, сказаў у інтэрв’ю партугальскаму агенцтву “Ecclesia”, што “калі вялікія каштоўнасці знойдуцца ў цэнтры нашай увагі - гэта павінна схамянуць нашы сумленні, бо нават малых праблем мы не можам вырашыць, не ўздымаючы пытання найбольшай каштоўнасці жыцця”. Іерарх нагадаў меркаванне індыйскага лаўрэата Нобелаўскай прэміі па эканоміцы за 1998 г. Амарція Сена, які сказаў , што “сапраўдная эканоміка- гэта гуманістычная навука” а беднасць у свеце з’яўляецца вынікам недахопу маральнасці ў фінансавым сектары і на агульных міжнародных рынках. Кардынал Равазі таксама адзначыў, што ў Гімарыйншы будзе мець дыскусію з вядомым партугальскім неўрахірургам Лобам Антунесам на тэму вартасці і сэнсу жыцця чалавечай істоты.

Ініцыятыва “Падворак язычнікаў” першы раз стартавала ў Парыжы 24 мая 2011 г. Назва праграмы ўзята з выказвання Бэнэдыкта XVI. У 2009 годзе Папа заявіў, што Касцёлу трэба нешта накшталт двара язычнікаў, які быў у Ерузалемскай святыні: самы першы ўзровень набліжэння да Бога для зацікаўленых. Мэта ініцыятывы — уцягнуць у дылог веруючых і няверуючых.








All the contents on this site are copyrighted ©.