2012-11-11 13:00:26

Бэнэдыкт ХVI: удовы з Евангелля даюць каштоўны ўрок веры (поўны тэкст)


RealAudioMP3 11 лістапада Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з вернікамі, якія прыбылі на плошчу св. Пятра, каб прыняць удзел у традыцыйнай нядзельнай малітве “Анёл Панскі”. У кароткай прамове перад малітвай, Святы Айцец паразважаў над фрагментамі са Святога Пісання, якія паказваюць вялікую веру ў Бога двух ўдоў. Пасля малітвы Папа нагадаў, што 10 лістапада ў італьянскім Спалета была абвечшана благаслаўлёнай законніца Марыя Луіза Просперы. “Дарагія браты і сёстры- сказаў Папа да прысутных вернікаў- Літургія Слова ў гэтую нядзелю дае нам у якасці ўзору веры, постаці двух ўдоў. Прадстаўляе іх паралельна: адну ў Першай кнізе Валадарстваў (17,10-16), другую ў Евангеллі паводле Марка (12,41-44). Абедзве гэтыя жанчыны былі вельмі беднымі і ў такім сваім стане яны паказалі сваю вялікую веру ў Бога. Першая ўдава з’яўляецца ў цыклу апавяданняў пра прарока Іллю. Ён падчас голаду атрымаў ад Пана наказ ісці ў ваколіцы Сідона, значыць за межы Ізраіля, ў язычніцкія тэрыторыі. Там ён сустракае гэту ўдаву і просіць ў яе вады, каб напіцца і трохі хлеба. Жанчына яму адказала, што ёй засталася толькі жменька мукі і крыху алею, але з-за таго, што прарок настойваў і абяцаў ёй, што калі яго паслухае, мукі і алею будзе заўсёды мець удосталь, яна выслухоўвае яго і атрымлівае ўзнагароду. Другую ўдаву, тую з Евангелля паводле Марка, Езус убачыў у Іерусалімскай святыні, дакладна пры скарбонцы, у якую людзі ўкідалі свае ахвяраванні. Езус бачыць, што гэтая жанчына ўкінула дзве манеты; тады Ён паклікаў сваіх вучняў і патлумачыў ім, што гэтая ўдава ўкінула ў скарбонку больш за ўсіх, хто кідаў. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, “увесь пажытак свой” (Мк 12,44).

З гэтых двух біблейскіх эпізодаў, якія ўмела спалучаны, мы можам атрымаць каштоўны ўрок аб веры. Яна падобная да ўнутраных паводзінаў тых, хто засноўвае сваё жыццё на Богу, на Яго Слове, і поўнасцю Яму давярае. Жыццё ўдавы ў старажытнасці праходзіла само па сабе ў вялікай беднасці. Па гэтай прычыне ў Бібліі, ўдовы і сіроты былі тымі асобамі, якімі Бог клапаціўся асаблівым чынам: яны страцілі падтрымку на зямлі, але Бог застаецца для іх Жаніхом і Бацькам. Аднак Святое Пісанне кажа, што аб’ектыўная ўмова беднасці, у гэтым выпадку быць удавой, не дастаткова: Бог заўсёды патрабуе нашага вольнага прыняцця веры, якая выяўляецца ў любові да Яго і нашых бліжніх. Ніхто не бедны настолькі, што не можа ахвяраваць штосьці. І сапраўды абедзве нашы сённяшнія ўдовы паказваюць сваю веру, выконваючы жэсты дабрачыннасці: адна выказала сваю веру да прарока, другая даючы міласціну. Такім чынам яны сведчаць аб непарыўным адзінства веры і любові, і таксама аб адзінстве паміж любо’ю да Бога і бліжняга- аб чым нагадвала нам Евангелле мінулай нядзелі. Папа Святы Леў Вялікі, якога памяць мы адзначылі ўчора, тлумачыў: “На вазе Божай справядлівасці не важыцца колькасць падарункаў, але вагу сэрца. Удава з Евангелля ўкінула ў скарбонку дзве лепты і перавысіла ахвяраванні багатых. Ні адзін акт дабрыні не пазбаўлены сэнсу перад Богам, ніякая міласэрнасць не застаецца дарэмнай” (Sermo de jejunio dec. mens., 90, 3).

Панна Марыя з’яўляецца выдатным прыкладам таго, хто поўнасцю ахвяроўвае сябе самога Богу; з гэтай верай яна сказала анёлу: “Вось я” і прыняла волю Пана. Няхай Марыя дапаможа таксама кожнаму з нас, у гэтым Годзе веры, ўзмацаваць наш давер да Бога і Яго Слова.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец нагадаў, што 10 лістапада ў італьянскім Спалета была абвешчана благаслаўлёнай Марыя Луіза Просперы, манахіня і настаяцельніца бэнэдыктынскага кляштару ў Трэві. Яна жыла ў першай палове ХІХ ст. “Разам з усёй бэнэдыктынскай сям’ёй і супольнасцю дыяцэзіі Спалета-Норча мы дзякуем Пану за гэту дачку, якая захацела далучыцца ў асаблівы спосаб да Мукі Хрыста”, - сказаў Бэнэдыкт ХVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.