2012-11-09 13:50:56

Святы Айцец прызначыў новага сакратара Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI прызначыў новага сакратара Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. Ім стаў былы падсакратар гэтай дыкастэрыі, 62-гадовы кс. прэлат Анджэла Вінчэнца Дзані, якому Папа адначасова з прызначэннем надаў годнасць арцыбіскупа. Новы італьянскі іерарх стаў найбліжэйшым супрацоўнікам прэфекта Кангрэгацыі, кардынала Зянона Грахалеўскага. Анджэла Вінчэнца Дзані нарадзіўся каля італьянскага Брэшыа ў 1950 г. У 1975 г. стаў святаром. Пасля вучобы ў трох папскіх універсітэтах Рыма атрымаў ступень доктара тэалогіі і абараніў ліцэнцыят па грамадскіх навуках. Выкладаў сацыялогію і сацыялогію рэлігіі ў некалькіх навучальных установах Брэшыа, прычыніўся да стварэння Вышэйшага інстытуту рэлігійных навук у мясцовым каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца.

З 1981 па 1995 гг. Дзані працаваў у біскупскай курыі, як дырэктар душпастырскага аддзелу, сакратар святарскай і душпастырскай радаў і кіраўнік аддзелу адукацыі. Затым узначальваў Нацыянальнае бюро па пытаннях адукацыі, школ і універсітэтаў італьянскага епіскапату.

У 2002 г. стаў падсакратаром Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.