2012-11-09 15:12:04

Бэнэдыкт ХVI: Касцёл падтрымлівае дзейнасць тых, хто змагаецца са злачыннасцю


RealAudioMP3 9 лістапада Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з удзельнікамі Генеральнай асамблеі Інтэрполу, Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі, якая завяршылася ў Рыме. У сваёй прамове Папа адзначыў, што рост злачыннасці з’яўляецца асабліва трывожным для будучыні свету. “У наш час чалавечая сям’я пакутуе з-за шматлікіх парушэнняў законнасці, што ў многіх выпадках выліваецца ў насілле і злачыннасць”, - адзначыў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што Інтэрпол, як бастыён міжнароднай бяспекі, мае вялікае значэнне ў рэалізацыі агульнага дабра, бо справядлівае грамадства патрабуе павагі да нормаў сумеснага жыцця. Пантыфік звярнуў увагу на тэрарызм і арганізаваную злачыннасць, якія найбольш непакояць сёння міжнародную супольнасць. “Тэрарызм – адна з самых жорсткіх форм насілля. Ён прыносіць нянавісць, смерць, жаданне помсты”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што яго падрыўная стратэгія стала характэрнай для шматлікіх экстрэмісцкіх арганізацый. Арганізаваная злачыннасць, звярнуў увагу Святы Айцец, квітнее ў месцах паўсядзённага жыцця, а яе плёнамі з’яўляюцца: гандаль людзьмі, зброяй, наркотыкамі, дзе выкарыстоўваюцца бедныя слаі грамадства.

Папа адзначыў, што гэтыя злачынствы нішчаць маральныя бар’еры, узведзеныя цывілізацыяй, і адраджаюць формы варварства, якія парушаюць правы чалавека і яго годнасць. Ён дадаў, што Касцёл і Апостальская Сталіца заўсёды падтрымлівалі і будуць падтрымліваць дзейнасць тых, хто змагаецца са злачыннасцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.