2012-11-08 12:05:33

Бэнэдыкт XVI: навука паступова адкрывае, што свет паўстаў не з хаоса


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI прыняў 8 лістапада ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай акадэміі навук, якая 5-7 лістапада прайшла ў Ватыкане на тэму “Складанасці і аналогіі ў навуцы: тэарытычныя, метадалагічныя і эпістэмалагічныя аспекты”. Выбар гэтай тэмы не выпадковы: на працягу апошніх дзесяцігодзяў былі зроблены шматлікія навуковыя адкрыцці ў розных галінах, але многіх навукоўцаў іх вынікі не задавальняюць, бо часта бываюць аднабаковымі і не знаходзяць пацвярджэння ў больш шырокай і складанай рэальнасці прыроды. У сувязі з гэтым, Папа звярнуў увагу на вялікія гарызонты, якія стаяць перад сучаснай навукай і патрабуюць узаемадзеяння паміж яе рознымі галінамі. “Сапраўды, важныя адкрыцці і дасягненні апошніх гадоў запрашаюць нас да адшукання глыбейшай аналогіі паміж фізікай і біялогіяй, якая выразна праяўляецца кожны раз, калі мы дасягаем больш глыбокага разумення натуральнага парадку”, - адзначыў Папа.

Паводле Святога Айца, міждысцыплінарны падыход да складанасцяў, паказвае, што “навука – гэта інтэлектуальныя светы не абасобленыя адзін ад аднаго, а ўзаемазвязаныя паміж сабой і накіраваныя на вывучэнне прыроды, як адзінай, зразумелай і гарманічнай рэальнасці ў яе несумненнай складанасці”. Пантыфік нагадаў, што такое бачанне свету супадае з поглядамі хрысціянскай філасофіі і тэалогіі.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што сусвет не з’яўляецца хаосам і не ўзнік з яго, і менавіта гэта паступова адкрывае навука, вывучаючы заканамернасці і прыродны парадак. Паводле Святога Айца, гэта яшчэ раз падцвярджае, што для адкрыцця таямніцы чалавека і сусвету неабходны дыялог і супрацоўніцтва паміж навукай і верай.








All the contents on this site are copyrighted ©.