Дэкларацыя “Nostra aetate” вызначае сёння адносіны Касцёла да юдаізму
Дэкларацыя ІІ Ватыканскага
Сабору “Nostra aetate” аб адносінах Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій па-ранейшаму
з’яўляецца вызначальнікам яго стаўлення да юдаізму, - сказаў кардынал Курт Кох падчас
трэцяга пленарнага пасяджэння Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам, якое адбывалася
28-30 кастрычніка ў Ватыкане. У ім прынялі ўдзел кансультанты і дэлегаты некаторых
епіскапатаў па сувязях з юдэямі.
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму
адзінству ў сваё прамове, апублікаванай 6 лістапада, адзначыў, што ў дыялогу з лефэбрыстамі
пытанне важнасці дэкларацыі “Nostra aetate” узнімалася з розных аспектаў. З’явілася
меркаванне, што будучы дэкларацыяй, яна не носіць такога важнага значэння, як іншыя
саборныя дакументы. Аднак, з пункту гледжання зместу, не можна аддзяляць асобных саборных
тэкстаў адзін ад аднаго або супрацьпастаўляць іх; яны павінны разглядацца як шчыльна
звязаныя паміж сабой, нагадаў ватыканскі іерарх. Таму, адзначыў ён, не можна аддзяляць
працэсу паяднання Брацтва св. Пія X з Касцёлам ад прыняцця з іх боку лініі ІІ Ватыканскага
Сабору.
Кардынал Кох падкрэсліў уклад Бэнэдыкта XVI у дыялог з юдаізмам і нагадаў
аб яго шматлікіх візітах у сінагогах.
Падчас ватыканскай сустрэчы размова ішла
аб планах адзначэння 28 кастрычніка 2015 г. 50-годдзя дэкларацыі ІІ Ватыканскага Сабору
“Nostra aetate” аб адносінах Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій.