2012-11-05 13:19:18

Святы Пасад правядзе канферэнцыю па дарослых ствалавых клетках


RealAudioMP3 У наступным годзе Папская рада па культуры і Фонд па даследаванні дарослых ствалавых клетак правядуць Другую міжнародную канферэнцыю па абмеркаванні тэхналогій рэгенератыўнай медыцыны і яе наступстваў для культуры, этыкі і веры. Кс. прэлат Томаш Трафны, кіраўнік аддзела навукі і веры ў Папскай радзе, сказаў, што яна падтрымала правядзенне форуму, паколькі місія гэтай ватыканскай дыкастэрыі заключаецца ў вывучэнні культурнага ўплыву новых даследаванняў, каб прапанаваць “лепшыя інструменты для душпастырскай апекі” і “садзейнічання разуменню культурных змен”.

Доктар Робін Сміт, кіраўнік амерыканскага Фонду па даследаванні дарослых ствалавых клетак, заявіў, што канферэнцыя мае на мэце звярнуць увагу ўсіх слаёў грамадства на патэнцыял дарослых ствалавых клетак у лячэнні хранічных захворванняў. На яго думку, форум стане “сапраўдным міжнародным дыялогам” па рэгенератыўнай медыцыне і сувязі паміж навуковымі адкрыццямі, верай, культурай і этыкай.

Тэма Другой міжнароднай канферэнцыі: “Рэгенератыўная медыцына – фундаментальны зрух у галіне навукі і культуры”. Яна пройдзе ў Ватыкане 11-13 красавіка 2013 г. Форум пакліканы спрыяць дыялогу паміж даследчыкамі, медыкамі, дабрачынцамі, рэлігійнымі лідэрамі і палітыкамі з мэтай выяўлення сфер, якім можа дапамагчы развіццё тэрапіі дарослымі ствалавымі клеткамі. На канферэнцыі выступяць вядучыя спецыялісты ў гэтай галіне, у тым ліку з боку Святога Пасаду.

Тэхналогіі, заснаваныя на дарослых ствалавых клетках, дапамагаюць у лячэнні рака, траўматычных пашкоджанняў галаўнога мозгу і хранічных захворванняў. У адрозненне ад эмбрыянальных ствалавых клетак, яны не з’яўляюцца вынікам знішчэння чалавечых эмбрыёнаў.

Кс. прэлат Трафны паведаміў, што асягненні рэгенератыўнай медыцыны выклікаюць “вялікую цікавасць” Святога Пасаду, бо іх наступствам з’яўляюцца “глыбокія культурныя пераўтварэнні” у ахове здароўя, эканоміцы і прававой сферы.







All the contents on this site are copyrighted ©.