2012-11-05 13:16:35

Папа развітаўся з паслом ЗША пры Святым Пасадзе


RealAudioMP3 5 лістапада Бэнэдыкт XVI развітаўся з паслом ЗША пры Апостальскай Сталіцы Мігелем Дзіясам, які закончыў сваю дыпламатычную місію ў Ватыкане. Амерыканскі дыпламат кубінскага паходжання быў паслом пры Святым Пасадзе на працягу 3 гадоў. Мігель Дзіяс з’яўляецца не толькі дыпламатам, але таксама і тэолагам. Перад пачаткам сваёй працы ў Рыме ён займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў каледжы св. Бэнэдыкта і ўніверсітэце св. Яна ў Мінесоце. Акрамя таго, Дзіяс – аўтар некалькіх кніг па тэалогіі, некаторыя з якіх былі асабліва адзначаны Амерыканскім тэалагічным таварыствам. Падчас мінулай перадвыбарчай кампаніі Барака Абамы ён з’яўляўся іспанамоўным прэс-сакратаром будучага прэзідэнта ЗША. 27 мая 2009 г. Абама прызначыў яго паслом пры Апостальскай Сталіцы. Бэнэдыкт XVI падзякаваў Мігелю Дзіясу за яго дыпламатычную дзейнасць і за намаганні ў наладжванні адносін паміж ЗША і Святым Пасадам. Акрамя таго, сёння Папа прыняў даверчыя граматы новых паслоў Аўстраліі, Калумбіі і Нігерыі пры Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.