2012-11-05 13:53:18

Ватыканскі кардынал наведае Нігерыю


RealAudioMP3 Кардынал Фернанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, наведае з пастырскім візітам Нігерыю з нагоды 100-годдзя евангелізацыі правінцыі Аверы, у паўднёва-усходняй частцы гэтай афрыканскай краіны. Аверы з’яўляецца сталіцай штату Імо, адкуль у 1912 г. партугальскія місіянеры пачалі распаўсюджваць каталіцкую веру. Кардынал прыбудзе 6 лістапада і яго візіт распачнецца са спаткання з губернатарам штату Імо. На наступныя дні запланавана сустрэча з мясцовымі біскупамі, св. Імша для дзяцей і моладзі, абмен вопытам місіянерскай і душпастырскай працы. 8 лістапада, у рамках праграмы Сімпозіума па евангелізацыі, іерарх выступіць з дакладам на тэму “Місія да народаў і новая евангелізацыя”.

Таксама падчас свайго візіту кардынал Філоні наведае мясцовую семінарыю, дзе ўзначаліць св. Імшу, і возьме удзел у культурным мерапрыемстве, на якім выступіць з дакладам аб пачатках хрысціянства ў Нігерыі. Заключным момантам візіту стане ўрачыстая св. Імша ў суботу 10 лістапада, дзе кардынал прачытае спецыяльнае пасланне Святога Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.