2012-11-04 12:04:59

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: любоў да Бога неразрыўная з любоўю да бліжняга (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Аб веры ў Бога павінна сведчыць любоў да бліжняга. З такімі словамі Папа звярнуўся да вернікаў сабраных на традыцыйную нядзельную малітву “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Рыме. Сваё кароткае разважанне Бэнэдыкт XVI прысвяціў прыродзе запаведзі любові, аб якой гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі. Папа асабліва падкрэсліў яе падвоенны характар і неразлучнасць любові да Бога з любоўю да іншага чалавека. “Дарагія браты і сёстры – прывітаў вернікаў Папа – Евангелле гэтай нядзелі (Мк 12,28-34) прапануе нам навучанне Езуса аб самай вялікай запаведзі: запаведзі любові, якая з’яўляецца падвоенай: запаведзю любові да Бога і любові да бліжняга. Усе Святыя, аб якіх мы нядаўна ўзгадвалі ў адзіным урачыстым свяце, гэта менавіта тыя, хто веруючы ў ласку Божую, спрабавалі жыць паводле гэтага фундаментальнага закона. У рэальнасці, запаведзю любові могуць упоўні жыць на практыцы тыя, хто жыве маючы глыбокія адносіны з Богам, напрыклад дзіцяці, якое становіцца здольным любіць пачынаючы ад добрых адносінаў з маці і бацькам. Св. Ян Авільскі, якога я нядаўна абвясціў Доктарам Касцёла, так пісаў напачатку свайго “Трактата аб любові Божай”: “Прычына, якая больш за ўсё падштурхоўвае наша сэрца да любові Божай гэта глыбокае разуменне любові, якую Ён мае да нас... Гэта, больш чым нейкія даброты, падштурхоўвае наша сэрца любіць; бо той, хто дае іншаму даброты, дае яму нешта чым валодае; але той, хто любіць, дае самаго сябе з усім тым, што мае, не пакідаючы сабе нічога”. Перш чым запаведзь, любоў – гэта дар, рэальнасць з якой Бог нас знаёміць і дае магчымасць перажыць, так, што яна можа прарасці ў нас і развіцца ў нашым жыцці.

Калі любоў Бога пусціць глыбокія карані ў чалавеку, ён будзе ў стане любіць не толькі тых, хто гэтага заслугоўвае, як і Бог чыніць у адносінах да нас. Айцец і маці любяць сваіх дзяцей не толькі калі яны гэтага заслугоўваюць: любяць іх заўсёды, нават калі даюць ім зразумець, што яны памыляюцца. Ад Бога мы вучымся заўсёды жадаць дабра і ніколі зла. Вучымся глядзець на іншага не толькі нашымі вачыма, але вачыма Бога, вачыма Езуса Хрыста. Гэты позірк паходзіць з сэрца і не спыняецца на паверхні, ён сягае вышэй за тое, што толькі здаецца і здольны ўбачыць глыбокія чаканні іншага чалавека: жаданне быць выслуханым, атрымаць бескарысную ўвагу; адным словам: жаданне любові.

Але таксама ёсць і адваротны накірунак: адкрываючы сябе іншаму такім якім з’яўляюся, выходзячы яму насустрач, становячыся адкрытым, я адкрываюся таксама на пазнанне Бога, адчуванне таго, што Ён ёсць і Ён добры. Любоў да Бога і любоў да бліжняга неразлучныя і з’яўляюцца узаемнымі адносінамі. Езус не выдумаў ні першую ні другую, але адкрыў што яны ёсць і з’яўляюцца адзінай запаведзю. Ён зрабіў гэта не толькі словам, але перш за ўсё сведчаннем; сама Асоба Езуса і ўся яго ўцелаўлёная таямніца – адзінства любові да Бога і да бліжняга, як дзве балкі крыжа – вертыкальная і гарызантальная. У Эўхарыстыі Ён дарыць нам гэту двайную любоў, даруючы самаго сябе, каб мы, насычаныя гэтым Хлебам, любілі адно аднаго як Ён нас палюбіў.

Дарагія сябры, праз заступніцтва Панны Марыі, памолімся, каб кожны хрысціянін быў здольным паказваць сваю веру ў адзінага сапраўднага Бога праз яснае свечанне любові да бліжняга”.








All the contents on this site are copyrighted ©.