2012-11-03 12:21:54

“L’Osservatore Romano”: Ванда Пултаўска і яе сябар Папа


RealAudioMP3 Не кожны можа пахваліцца тым, што яго сябар – гэта Папа. Але такія людзі ёсць. Сярод іх вядомая польская прафесар і псіхолаг Ванда Пултаўска. На працягу больш чым 50 гадоў яе звязвала моцнае сяброўства з папам Янам Паўлам ІІ. Некаторымі момантамі гэтай цудоўнай гісторыі яна падзялілася з “L’Osservatore Romano”. Пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны Ванда Пултаўска, зведаўшы жахі нацысцкіх “медыцынскіх” эксперыментаў у канцэнтрацыйным лагеры “Равенсбрук”, вырашыла прысвяціць сябе клопату аб здароўі людзей. Кс. Караль Вайтыла ў той час займаўся душпастырствам медыкаў у Кракаве. Менавіта тады паміж імі завязалася сяброўства. “Я адразу зразумела, што ён быў святым святаром, з рэдкім уменнем слухаць”, - расказала яна. Пултаўска распавяла ў інтэрв’ю ватыканскай газеце, што кс. Вайтыла кожную раніцу пасля св. Імшы рыхтаваў для яе кароткі евангельскі ўрывак. Напрацягу дня яна думала над ім і запісвала свае разважанні. Затым будучы Папа чытаў іх і дадаваў свае каментары – такім быў яго душпастырскі метад.

Пултаўска распавяла, што з Каралем Вайтылам яе злучала не толькі духоўнасць, але і прафесійная дзейнасць: яны разам змагаліся з законам аб легалізацыі абортаў у Польшчы, які быў прыняты камуністычнымі ўладамі ў 1956 г. Яны часта дыскутавалі аб праблемах сем’яў і пытанні любові паміж мужчынам і жанчынай. Менавіта Ванда Пултаўска рэдагавала кнігу Вайтылы “Любоў і адказнасць” і была яго паплечніцай, калі ён дапамагаў Паўлу VI пісаць энцыкліку “Humanae vitae”.

Цікавымі з’яўляюцца ўспаміны Пултаўскай аб тым моманце, калі кардынал Караль Вайтыла быў абраны на Пасад св. Пятра. “У Польшчы мы ведалі, што будучы кардыналам ён меў добрыя сувязі ў Ватыкане і яго цанілі многія біскупы. Акрамя таго, Павел VI выбраў яго праводзіць духоўныя практыкаванні для Курыі”, - падзялілася ў інтэрв’ю Пултаўска і прызналася, што ў 1978 г. кардынал Вайтыла накіраваўся на канклаў прама з адпачынку ў гарах, які праводзіў разам з іх сям’ёй. “Развітваючыся мы яго спыталі: Якое імя абярэш, калі станеш Папам?”. - узгадала прафесар - Замест яго адказаў мой муж: канешне Ян Павел ІІ. Ён аднак прамаўчаў. 8 кастрычніка ён выляцеў з Кракава, а наша наступная сустрэча адбылася ў Рыме: ён быў ужо Янам Паўлам ІІ”, - прызналася ў інтэрв’ю ватыканскай газеце Ванда Пултаўска.








All the contents on this site are copyrighted ©.