2012-11-01 12:48:17

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: у святых мы бачым перамогу любові над эгаізмам і смерцю (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “У святых мы бачым перамогу любові над эгаізмам і смерцю, бачым, што наследаванне Хрыста вядзе да жыцця вечнага і дае сэнс цяперашняму, бо напаўняе яго любоўю і надзеяй”, - з такімі словамі 1 лістапада перад малітвай “Анёл Панскі” звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, Бэнэдыкт XVI. Сваё кароткае разважанне Святы Айцец прысвяціў урачыстасці Усіх Святых, якую Касцёл адзначае сёння. “Дарагія браты і сёстры! - прывітаў вернікаў Папа - Сёння мы з радасцю сустракаемся ва урачыстасць Усіх Святых. Гэта свята дае нам нагоду для разважання аб падвойным гарызонце чалавецтва, які мы сімвалічна выражаем словамі “зямля” і “неба”: зямля ўяўляе гістарычны шлях, неба – вечнасць, поўню жыцця ў Богу. Таксама гэта свята дае нагоду паразважаць аб Касцёле ў яго падвойным вымярэнні: Касцёле пілігрымуючым у часе і тым, які бясконцае святкуючым – нябесным Ерузалеме. Гэтыя два вымярэнні злучаны рэальнасцю “супольнасці святых”: рэальнасцю, якая пачынаецца на зямлі і дасягае спаўнення ў Небе. У зямной рэальнасці, Касцёл – гэта пачатак таямніцы адзінства, якая злучае чалавецтва, таямніцы цалкам сканцэнтраванай на Езусе Хрысце: Ён, Той хто ўвёў род чалавечы ў гэту новую дынаміку, рух, што вядзе да Бога і, у той жа час, да адзінства, міру, у глыбокім сэнсе. Езус Хрыстус, кажа Евангелле паводле св. Яна (11,52), памёр “каб аб’яднасць разам згубленых дзяцей Божых”, і гэту яго справу працягвае Касцёл, які назаўсёды “адзіны”, “святы” і “каталіцкі”. Быць хрысціянамі, быць часткай Касцёла, азначае адкрыцца на гэта адзінства, як зерне, якое раскрываецца ў зямлі, паміраючы, і расце ў вышыню, да неба.

Святыя – каго такімі абвясціў Касцёл і тыя, якіх толькі ведае Бог і якіх сёння мы таксама ўшаноўваем, актыўна жылі гэтай дынамікай. У кожным з іх, вельмі асабістым чынам, быў прысутны Хрыстус, дзякуючы Яго Духу, што дзейнічае праз слова і сакрамэнты. Сапраўды, быццё у адзінстве з Хрыстом, у Касцёле, не пазбаўляе асабовасці, але адкрывае яе, перамяняе сілай любові, дае ёй ужо тут, на зямлі, вечнае вымярэнне. Па сутнасці, азначае, станавіцца падобнымі да вобразу Сына Божага (пар. Рым 8,29), спаўняючы планы Бога, які стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Але гэта злучэнне з Хрыстом адкрывае нас, як гаворыцца, таксама на адзінства з усімі іншымі членамі Яго Містычнага Цела – Касцёла, камунію дасканалую ў “Небе”, дзе няма ніякай ізаляцыі, канкурэнцыі і падзелаў. У сённяшнім свеце мы ўжо можам пакаштаваць прыгажосць гэтага жыцця поўнай адкрытасці на позірк любові Бога і братоў, станавіцца ўпэўненымі, што зможам дасягнуць Бога у бліжнім і бліжняга ў Богу. Гэтым святам, поўным надзеі, мы ўшаноўваем усіх святых, і заўтра рыхтуемся ўзгадаць аб памерлых верніках. У святых мы бачым перамогу любові над эгаізмам і смерцю: бачым, што наследаванне Хрыста вядзе да жыцця, жыцця вечнага, і дае сэнс цяперашняму, кожнаму моманту, што мінае, бо напаўняе яго любоўю і надзеяй. Толькі вера ў жыццё вечнае дазваляе па-сапраўднаму любіць гісторыю і сучаснасць, але без прывязанасці, у свабодзе пілігрыма, які любіць зямлю, таму што мае сэрца ў Небе.

Панна Марыя няхай дасць нам ласку моцна верыць у вечнае жыццё і адчуваць сябе ў сапраўдным адзінстве з нашымі дарагімі памерлымі”.

Пасля марынай малітвы Святы Айцец звярнуўся з кароткімі прамовамі на некалькіх мовах, у якіх заклікаў вернікаў імкнуцца да святасці, да якой пакліканы кожны хрысціянін.








All the contents on this site are copyrighted ©.