2012-10-30 14:29:31

Арцыбіскуп Мюлер: дыялог не азначае адмовы ад уласнай ідэнтычнасці


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, лічыць, што “міжрэлігійны дыялог для хрысціяніна мае сэнс толькі тады, калі ён імкнецца шукаць праўду і не прадугледжвае адмовы ад сваёй веры, ідэнтычнасці і ісціны, атрыманых праз Касцёл і Аб’яўленне”. Іерарх прыняў удзел у сустрэчы на тэму: “Дух Асізі. Пілігрымы праўды і міру”, якая 29 кастрычніка прайшла ў горадзе св. Францішка. “Касцёл можа прапанаваць сапраўдны дыялог толькі пачынаючы ад праўды пра самаго сябе. Было б ашуканствам хаваць сапраўдную веру і адмаўляцца ад унікальнасці Аб’яўлення і ўцелаўлення Божага Сына ў імя паліткарэтнага дыялогу”, - адзначыў іерарх. Паводле кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі, апраўданым і карэктным з’яўляецца толькі такі дыялог, які вядзецца ў духу праўды і любові.

“Наша вера, скіраваная да Хрыста і праўда аб саміх сабе заўсёды павінны займаць асаблівае месца ў кожным дыялогу хрысціян з паслядоўнікамі іншых рэлігій”, - падкрэсліў арцыбіскуп Мюлер. Ён нагадаў, што ў перадачы веры, у евангелізацыі і міжрэлігійным дыялогу, Касцёл выключае ўсялякія формы празелітызму, які мае на мэце маніпуляцыі і падман. “Дыялог і супрацоўніцтва з паслядоўнікамі нехрысціянскіх рэлігій з’яўляецца адной з форм сведчання веры”, - адзначыў арцыбіскуп Мюлер.








All the contents on this site are copyrighted ©.