Генсек Сіноду: сям’я і парафія – месцы новай евангелізацыі
“Сінод стаў цудоўным
і станоўчым вопытам адзінства ўсяго Касцёла” – так ахарактэрызаваў асамблею яе генеральны
сакратар, арцыбіскуп Нікола Этэравіч. На думку арцыбіскупа , Сінод Біскупаў, які сабраў
“у духу малітвы і добразычлівасці” каля 450 удзельнікаў з усяго свету, быў цудоўнай
магчымасцю падзяліцца вопытам: радасцямі, і цяжкасцямі, якія перажывае Касцёл. Форум
дадаў адвагі біскупам з тых краін, дзе хрысціяне церпяць пераслед.
Прысутнасць
Патрыярха Канстантынопальскага Баратламея І, Прымаса Англіканскай Царквы, архіепіскапа
Кентэрберыйскага Роўэна Уільямса і іншых дэлегатаў шматлікіх хрысціянскіх супольнасцяў
і Цэркваў, на думку арцыбіскупа Этэравіча, надала Сіноду экуменічны характар і мабілізавала
да яшчэ больш інтэнсіўнага сумеснага пазнання Езуса Хрыста.
Генеральны сакратар
біскупскай асамблеі адзначыў таксама, што канкрэтнымі месцамі новай евангелізацыі
могуць стаць сям’я і парафія. Таму, паводле яго, Касцёл павінен шукаць новыя метады
дапамогі сям’ям, якія перажываюць рознага тыпу цяжкасці. Што тычыцца новых метадаў
евангелізацыі ў парафіях, то, на думку арганізатара Сіноду, трэба пашырыць духоўную
апеку не толькі над тымі, хто наведвае касцёл, але і выйсці насустрач непрактыкуючым
вернікам.