2012-10-29 13:07:48

Бэнэдыкт ХVI скіраваў пасланне на Сусветны дзень мігранта і бежанца


RealAudioMP3 “Міграцыя: пілігрымка веры і надзеі”, - так гучыць тэма, якую Бэнэдыкт ХVI абраў на 99-ы Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, які Касцёл адзначыць 13 студзеня 2013 г. У сваім пасланні, апублікаваным 29 кастрычніка, Святы Айцец адзначае, што зараз у свеце мільёны мужчын і жанчын “жывуць досведам эміграцыі”. “Гэта з’ява ўражвае колькасцю асоб ахопленых ёй і прынесенымі сацыяльнымі, эканамічнымі, палітычнымі, культурнымі i рэлігійнымі выклікамі”, - напісаў Папа. Ён нагадаў, што кожны эмігрант – гэта асоба, маючая неад’емныя фундаментальныя правы, якія павінны паважацца ўсімі. Пантыфік падкрэсліў, што эмігрант – гэта часта чалавек, які мае глыбокі давер да Бога, што дазваляе яму перамагаць цяжкасці на сваім шляху. Касцёл, паводле яго, пакліканы спрыяць інтэграцыі такіх асоб ў грамадствы краін, куды яны прыбываюць.

На думку Бэнэдыкта ХVI, не ўсе эмігранты шукаюць выключна паляпшэння сваёй эканамічнай, грамадскай і палітычнай сітуацыі. Часта прычынай бегства з Радзімы з’яўляюцца пераслед і насілле. “Эмігранты заўсёды маюць надзею на тое, што будуць прынятыя, атрымаюць сапраўдную дапамогу і зразуменне сваіх цяжкксцяў і трагедыі”, - напісаў Папа. “Эмігранты і бежанцы, - падкрэсліў Пантыфік, - праз атрыманую гасціннасць могуць унесці свой ўклад у пабудову дабрабыту краін, куды прыбылі”. Папа нагадаў, што кожная краіна мае права рэгуляваць працэсы эміграцыі. Аднак, не трэба забывацца, што права на міграцыю ўпісана ў асноўныя правы чалавека, што дазваляе кожнаму пасяліцца там, дзе ён можа рэалізаваць свае здольнасці, памкненні і планы.

Тым не менш, паводле Папы, спачатку кожнаму чалавеку трэба даць права застацца ў сваёй краіне. Менавіта таму эміграцыя сёння замест таго, каб стаць “пілігрымкай даверу”, ператвараецца ў “галгофу цярпення”. Тут Пантыфік узгадаў тых эмігрантаў, якія жывуць ва ўмовах адчужэння, эксплуатацыі, пазбаўленыя асноўных правоў. У гэтым кантэксце Бэнэдыкт ХVI звярнуў увагу на праблему нелегальнай эміграцыі, асабліва такой яе формы, як гандаль людзьмі і эксплуатацыя. “Гэтыя злачынствы павінны рашуча асуджацца і карацца”, - падкрэсліў Папа. У сваім пасланні Святы Айцец выступіў з крытыкай замыкання краінамі сваіх межаў і жорсткае ўзмацненне санкцый адносна нелегальных эмігрантаў. Паводле яго, гэтыя інструменты ніколі не будуць эфектыўнымі. У завяршэнне Пантыфік заклікаў касцёльныя ўстановы і дзяржаўныя органы наладжваць супрацоўніцтва на карысць дапамогі эмігрантам.








All the contents on this site are copyrighted ©.