2012-10-28 14:56:55

Папа падчас “Анёл Панскі”: Езус Хрыстус, сапраўдная інавацыя, якая адпавядае чаканням усіх (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Сваімі думкамі аб прайшоўшым Сінодзе Біскупаў па новай евангелізацыі падзяліўся 28 кастрычніка з вернікамі, сабранымі на плошчы св. Пятра, Бэнэдыкт XVI падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”. “Сённяшняй ранішняй св. Імшой у базыліцы св. Пятра скончылася XIII Звычайная асамблея Сіноду Біскупаў. - сказаў Святы Айцец - На працягу трох тыдняў мы разважалі аб рэальнасці новай евангелізацыі для перадачы хрысціянскай веры: увесь Касцёл быў прадстаўлены, і, такім чынам, удзельнічаў у працы, якая павінна прынесці плён, дзякуючы ласцы Пана. Перш за ўсё, аднак, Сінод – гэта заўсёды вялікая магчымасць касцёльнага адзінства, і за гэта я хачу падзякаваць разам з вамі Богу, які ў чарговы раз даў нам магчымасць адчуць прыгажосць быцця Касцёлам, сёння, у гэтым свеце, пасярод чалавецтва з яго клопатамі і спадзяваннямі.

Вельмі сімвалічна, што правядзенне гэтай сінадальнай асамблеі супала з адзначэннем 50-годдзя адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору і пачаткам Году веры. Пераасэнсаванне ролі бл. Яна XXIII, Слугі Божага Паўла VI, часоў Сабору, было своечасовым, паколькі дапамагло нам зразумець, што новая евангелізацыя – не наша вынаходніцтва, але своеасаблівы дынамізм, які развіваўся ў Касцёле асабліва з 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі стала відавочным, што нават краіны са старажытнай хрысціянскай традыцыяй сталі, так бы мовіць, “місійнымі тэрыторыямі”. Такім чынам, паўстала неабходнасць аднаўлення абвяшчэння Евангелля ў секулярызаваным грамадстве з падвойнай упэўненасцю ў тым, што, з аднаго боку, гэта толькі Ён, Езус Хрыстус, сапраўдная інавацыя, якая адпавядае чаканням людзей усіх эпох, а з другога, што Яго пасланне павінна быць перададзена адпаведным чынам у зменлівых грамадскім і культурным кантэкстах.

Што можна сказаць пасля гэтых дзён інтэнсіўнай працы? Са свайго боку, я слухаў і сабраў шмат зместу для разважанняў і шмат прапаноў, якія, з дапамогай сакратарыяту Сінода і маіх супрацоўнікаў, я паспрабую ўпарадкаваць і апрацаваць, каб затым прапанаваць Касцёлу арганічны сінтэз і вызначыць накірункі. Сёння мы можам сказаць, што гэты Сінод умацаваў імкненне да духоўнага абнаўлення Касцёла, для таго, каб аднавіць духоўнасць секулярызаванага свету; і гэта абнаўленне будзе адкрыццём Езуса Хрыста, у Яго праўдзе і Яго ласцы; адкрыцця Яго “твару”, як чалавечага, так і боскага, на якім ззяе таямніца трансцэндэнтнага Бога.

Даручым Дзеве Марыі плён працы сінадальнай асамблеі, якая толькі што завяршылася. Яна, Зорка Новай Евангелізацыі, вучыць нас і дапамагае несці Хрыста ўсім з мужнасцю і радасцю”.







All the contents on this site are copyrighted ©.