2012-10-28 14:20:13

Бэнэдыкт XVI: новая евангелізацыя тычыцца перш за ўсё звычайнага душпастырства


RealAudioMP3 Новая евангелізацыя з’яўляецца заданнем Касцёла, які павінен нанава распаліць полымя веры сваіх членаў, - сказаў Бэнэдыкт XVI 28 кастрычніка ў сваёй гаміліі падчас св. Імшы на заканчэнне Сіноду Біскупаў. Ён праходзіў у Ватыкане з 7 кастрычніка і быў прысвечаны новай евангелізацыі, якая разумеецца як пераказ хрысціянскай веры. Спасылаючыся на нядзельнае Евангелле паводле св. Марка аб вяртанні зроку Бартэмею, Папа адзначыў, што гэта падзея сімвалізуе сітуацыю сучаснага чалавека, які часта патрабуе аздараўлення ад слепаты бязвер’я. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што гэта быў апошні цуд, які Езус здзейсніў перад сваёй мукай, таму зусім невыпадковае аздараўленне менавіта сляпога, вочы якога не ўспрымалі святла. Пантыфік патлумачыў, што ў сустрэчы з Хрыстом Бартымей “вяртае страчанае святло, а разам з ім паўнату сваёй годнасці: ён ўстае на ногі і адпраўляецца ў пілігрымку, якая з гэтага часу мае правадніка – Езуса – і дарогу, тую ж, якой ідзе Езус”. Святы Айцец падкрэсліў, што праўдзівым вучнем з’яўляецца той, хто ідзе “шляхам за Езусам”.

У гэтым кантэксце Папа адзначыў, што многія людзі сёння маюць патрэбу ў новай евангелізацыі, “новай сустрэчы з Езусам Хрыстом, Сынам Божым, які можа нанава расплюшчыць іх вочы і паказаць ім шлях”. Ён падкрэсліў, што новая евангелізацыя тычыцца ўсяго Касцёла і перш за ўсё яго звычайнага душпастырства.

Бэнэдыкт XVI адзначыў тры душпастырскіх прынцыпы, якія вынікаюць з Сіноду. Першы тычыцца катэхізацыі, якая суправаджае падрыхтоўку да хросту, канфірмацыі, Эўхарыстыі і сакрамэнту пакаяння. Пантыфік падкрэсліў, што рэальнымі героямі новай евангелізацыі з’яўляюцца святыя, якія размаўляюць на мове, зразумелай усім, на прыкладзе свайго жыцця і спраў міласэрнасці.

Другі прынцып, паводле Бэнэдыкта XVI, – гэта свядомасць таго, што новая евангелізацыя, па сутнасці, звязана з місіяй “ad gentes”, якая заключаецца ў абвяшчэнні паслання збаўлення людзям, якія яшчэ не ведаюць Хрыста. Папа адзначыў, што ёсць шмат супольнасцяў у Афрыцы, Азіі і Акіяніі, дзе “людзі з нецярпеннем чакаюць, часам не ў поўнай меры ўсведамляючы гэта, першага абвяшчэння Евангелля”.

Пантыфік заўважыў, што глабалізацыя прывяла да значнага перамяшчэння насельніцтва і падкрэсліў неабходнасць абвяшчаць веру ў краінах, дзе хрысціянства існуе даўно. “Усе людзі маюць права ведаць Езуса Хрыста і Яго Евангелле; гэта абавязак хрысціян, усіх хрысціян – святароў, законнікаў і свецкіх – абвяшчаць Добрую Навіну”, - сказаў Папа.

Трэці душпастырскі прынцып тычыцца ахрышчаных, якія не жывуць у адпаведнасці з патрабаваннямі святога хросту; яны жывуць на ўсіх кантынентах, асабліва ў краінах найбольш секулярызаваных. “На іх Касцёл звяртае асаблівую ўвагу, каб яны нанава сустрэліся з Езусам Хрыстом, зноў адкрылі радасць веры і вярнуліся да практыкавання рэлігіі ў супольнасці вернікаў”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец нагадаў, што апрача традыцыйных метадаў душпастырства, Касцёл прабуе выкарыстоўваць новыя метады, клопоцячыся пра новую мову, адпавядаючую розным культурам свету. Ён падтрымлівае ініцыятывы, накіраваныя на людзей, якія адышлі, або шукаюць сэнс жыцця, шчасця, а ў канчатковым рахунку Бога. Папа ўзгадаў “Місіі вялікіх гарадоў”, “Падворак язычнікаў”, “Кантынентальную місію”.

Гамілію Бэнэдыкт XVI скончыў малітвай св. Клімента Александрыйскага.







All the contents on this site are copyrighted ©.