2012-10-28 15:15:51

Арцыбіскуп Кандрусевіч: да Сіноду і Году веры – YOUCAT па-беларуску


RealAudioMP3 Дэлегат ад Беларусі на Сінодзе Біскупаў па новай евангелізацыі, які завяршыўся 28 кастрычніка ў Ватыкане, ахарактэрызаваў асамблею як “дынамічную і напружаную”, якая стала праяўленнем калегіяльнасці сусветнага епіскапату. “Вельмі важна было для мяне, біскупа з Беларусі, дзе Касцёл адраджаецца, паслухаць, якая сітуацыя з новай евангелізацыяй, пераказам веры, сведчаннем веры, у іншых краінах свету”, - падзяліўся іерарх. Паводле яго, “біскупы вельмі занепакоены сітуацыяй, у якой знаходзіцца сёння Касцёл і хрысціянская вера. Прапановы, што былі прыняты абсалютнай большасцю айцоў Сіноду і перададзены Святому Айцу, гавораць аб цэлым комплексе праблем, з якімі мы сёння сутыкаемся. Але не толькі аб праблемах там гаворка, а таксама і прапановах іх вырашэння”, - сказаў арцыбіскуп.

Паводле яго, адна з галоўных роляў у новай евангелізацыі была адведзена СМІ. “Мне спадабалася тое, што ў прапановах асобным пунктам стаяць медыя. Магчыма ўпершыню іх разглядаюць як інструмент новай евангелізацыі”, - падзяліўся іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч прызнаўся, што падчас прац Сіноду ў яго нарадзілася ідэя выдаць сусветнавядомы катэхізіс “YOUCAT” па-беларуску. “Шмат сінадальных айцоў паўтарала гэту назву, бо гэта новы інструмент евангелізацыі”, - сказаў ён. Аўтарскія правы на выданне моладзевага катэхізісу належыць Венскай архідыяцэзіі, кіраўнік якой, кардынал Крыстаф Шонборн, прысутнічаў на Сінодзе. “Я з ім паразмаўляў і ён сказаў, што вельмі ахвотна перадасць правы і нават паспрабуе дапамагчы матэрыяльна ў выданні”, - прызнаўся Мітрапаліт Кандрусевіч і дадаў, што прыкладзе ўсе намаганні, каб гэты катэхізіс убачыў свет на беларускай мове.







All the contents on this site are copyrighted ©.