Прадстаўнік Святога Пасаду: Сінод пакінуў Папе вялікі і каштоўны матэрыял
Кс. Фэдэрыка Ламбардзі
пракаментаваў “Пасланне да Народа Божага” Сіноду Біскупаў. Кіраўнік Залы Друку цытуе
словы сінадальных айцоў, якія заклікаюць перамагаць страх верай, а на свет глядзець
з мужнасцю, бо хоць ён не пазбаўлены супярэчнасцяў і праблем, заўсёды застаецца светам,
які Бог любіць. Прадстаўнік Святога Пасаду ў сваёй аўтарскай рубрыцы на Ватыканскім
радыё нагадаў, што “неабходнасць новай евангелізацыі нарадзілася з-за адыходу людзей
ад веры і з-за цяжкасцяў у абвяшчанні яе ў розных частках свету”. Тым, што ставіць
новыя выклікі для Касцёла, з’яўляюцца глабалізацыя, секулярызацыя і эміграцыі, звярнуў
увагу кс. Ламбардзі.
Кіраўнік Залы Друку і дырэктар Ватыканскага радыё лічыць,
што Сінод “павінен паспрыяць аднаўленню адзінства Касцёла ва ўсіх рэгіёнах свету,
ва ўсіх яго складовых частках – сем’ях, парафіях, сярод святароў і свецкіх вернікаў”,
але перш за ўсё ў свядомасці Касцёла. Апошні ўжо на працягу двух тысячагоддзяў вядзе
дыялог са светам культуры, навукі, адукацыі, мастацтва. Але не толькі. Касцёл займае
актыўную пазіцыю ў абмеркаванні і вырашэнні пытанняў у сферах эканомікі, працы, палітыкі,
і робіць гэта дзеля служэння агульнаму дабру.
“Касцёл вядзе канструктыўны
дыялог з верннікамі іншых рэлігій”, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду, і “ён не
быў бы сабой, калі б не працягваў шукаць аблічча Бога”, - дадаў ён. На думку італьянскага
езуіта, удзельнікі Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі пакінулі Папе вялікі матэрыял,
які зараз трэба глыбока вывучыць. Свае думкі і разважанні яны пакінулі таксама Касцёлу
ў Год веры, мэтай якога з’яўляецца “актыўнае шуканне шляхоў, месцаў і метадаў дзялення
з усімі дарам веры, самым прыгожым і каштоўным з існуючых”, - заключыў кс. Ламбардзі.