2012-10-27 14:12:08

Завяршыліся пасяджэнні Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі


RealAudioMP3 27 кастрычніка, у апошні дзень прац Сіноду Біскупаў, было працягнута чытанне Прапаноў асамблеі. Менавіта яны стануць асновай будучай Апостальскай адгартацыі Святога Айца, прысвечанай новай евангелізацыі. Пасля прадстаўлення дакументу, адзін са старшынь форуму звярнуўся да Папы са словамі падзякі за скліканне Сіноду і за магчымасць абмеркаваць пытанні, звязаныя з новымі выклікамі для Касцёла.Затым да сабраных звярнуўся сам Бэнэдыкт VI. Пантыфік адзначыў, што для яго было важна “дакрануцца” да досведу Сусветнага Касцёла, пачуць пра выклікі часу і сведчанне веры з розных куткоў свету. Святы Айцец пажадаў усім захаваць энтузіязм, атрыманы на Сінодзе, і падзякаваў за Прапановы да будучага дакументу.

Пасля выступлення Папы адбылося галасаванне. Яно прайшло традыцыйным для асамблеі чынам – электронна. У зале прысутнічала 252 сінадальныя айцы, якія мелі права голасу, прычым, гэта не толькі біскупы, але таксама вызначаныя Святым Айцом прадстаўнікі манаскіх кангрэгацый. Галасаванне праходзіла па прынцыпе “ухваляю” - “не ухваляю”. Цікава, што далёка не ўсе галасавалі “за”, былі і нязгодныя, і тыя, хто ўстрымаўся. Але па ўсіх 58 пунктах большасць прагаласавала “за”. Усе прапановы былі прыняты, што засведчыла згоду ўдзельнікаў Сіноду, як падкрэсліў генеральны сакратар асамблеі, арцыбіскуп Нікола Этэравіч.

Паралельна з электронным галасаваннем кожны з удзельнікаў ставіў свой голас на разданай папярэдне анкеце. Пасля галасавання анкеты здаваліся. Прычым працэдура была паіменнай, чаргова называліся імёны кожнага з удзельнікаў, пасля чаго кожны аддаваў запоўненую анкету памочнікам.

Завяршыліся пасяджэнні Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі ўрачыстым гімнам у гонар Найсвяцейшай Тройцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.