2012-10-26 13:36:11

Удзельнікі Сіноду скіравалі “Пасланне да Народа Божага”


RealAudioMP3 26 кастрычніка, на заканчэнне Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі, яго ўдзельнікамі было зацверджана спецыяльнае “Пасланне да Народа Божага” – своеасаблівы сінтэз працы форума. У прысутнасці Папы дакумент быў прачытаны на пяці мовах: італьянскай, французскай, іспанскай, англійскай і нямецкай. Увесь дакумент прасякнуты думкай, што новая евангелізацыя – гэта тэрміновая патрэба для сучаснага свету, а хрысціяне пакліканы абвяшчаць Евангелле са “спакойнай адвагай”, перамагаючы страх верай. На пачатку дакументу сінадальныя айцы параўналі сучасны свет з самаранкай, якая мае пустую амфару – сімвал прагі і суму па Богу. Менавіта Касцёл, паводле аўтараў паслання, павінен наталіць гэту прагу, адкрываючы свету Хрыста. Аднак, каб евангелізаваць, Касцёл сам павінен быць евангелізаваны. Часам словы сінадальных айцоў гучаць вельмі моцна: “Гора мне, калі думаю што новая евангелізацыя, не тычыцца мяне самаго”, “З пакорай мы павінны прызнаць, што беднасць і слабасці вучняў Хрыста, асабліва яго слугаў, уплываюць на пераканаўчаць місіі”. Адначасова ў пасланні гучыць заклік быць моцнымі верай і ведаць, што свет нягледзячы на тое, што з’яўляецца поўным выклікаў і супярэчнасцяў, застаецца светам, які любіць Бог.

Сінадальныя айцы заклікаюць адкінуць усялякі песімізм, звязаны са страхам перад глабалізацыяй, секулярызацыяй, эміграцыяй, атэізмам, гегемоніяй палітыкі і дзяржавы: усе гэтыя выклікі павінны стаць нагодай для евангелізацыі. “Гаворка не ідзе пра тое, каб распаўсюджваць Евангелле, як прадукт на рынку, але адкрыць нанава спосабы, праз якія людзі змогуць убачыць прыгажосць сустрэчы з Хрыстом”, - адзначаюць сінадальныя айцы.

Адсюль заклік да евангелізацыі ў сем’ях, касцёльных супольнасцях і парафіях. Асабліва ўвага звяртаецца на неабходнасць дапамагчы моладзі сустрэцца з сапраўдным Хрыстом.

Акрамя таго, адзначаецца, што новая евангелізацыя, мае далягляды, шырокія, як гэты свет. Таму для яе ажыццяўлення патрэбны дыялог у розных сферах: культуры, адукацыі, грамадскай камунікацыі, навукі, мастацтва, эканомікі, палітыкі. Падрэсліваецца фундаментальнае значэнні міжрэлігійнага дыялогу, які спрыяе міру, адчужае фундаменталізм, асуджае насілле супраць вернікаў і цяжкае парушэнне правоў чалавека. Паводле ўдзельнікаў Сінода, для новай евангелізацыі існуюць два асабліва важныя шляхі: медытацыя, у якой маўчанне дазваляе прыняць Божае Слова, і служэнне бедным, каб распазнаць у іх аблічча Хрыста.

У пасланні адзначаецца ўнікальнасць досведу і традыцыі кожнага з мясцовых Касцёлаў у працэсе новай евангелізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.