2012-10-25 12:25:01

Сінод Біскупаў пра фінансы і дысцыпліну


RealAudioMP3 Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі блізіцца да завяршэння. Тут быў абмеркаваны цэлы спектр тэм, якія турбуюць сучасны Касцёл. Як жыць і дзейнічаць далей? – на гэта пытанне шукалі адказу прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый з усяго свету. Амерыканскае інтэрнэт-выданне “National catholic reporter” у адной з сённяшніх публікацый узгадвае двух іерархаў, якія звярнулі ўвагу сінадальных айцоў на фундаментальныя рэчы, што адносяцца да будучыні Касцёла.

Аўтары ўзгадваюць выступленне кардынала Джузэпэ Версальдзі, які ўзначальвае Прэфектуру эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы. Іерарх у сваім выступленні па-сутнасці сцвердзіў, што ў кіраванні рэсурсамі Касцёла трэба паважаць яго самабытнасць, а не проста капіраваць “лепшыя прыклады” свецкіх фінансавых стратэгій. “Гэтыя метады вызначаюць усё ў свеце, але часта радыкальна адрозніваюцца ад рэлігійных”, - сказаў кардынал.

Паводле іерарха, што займаецца ватыканскімі фінансамі, празрыстасць, аб якой так шмат гаворыцца сёння, не заўсёды азначае раскрыцця ўсіх нюансаў для грамадскасці. Празрыстасць, на думку кардынала Версальдзі не можа прыводзіць да зла ў выглядзе скандалаў. Ён перакананы, што калі існуюць праблемы, іх вывучэннем і вырашэннем павінны займацца адпаведныя органы.

На выступленне яшчэ аднаго іерарха на Сінодзе звярнуў увагу “National catholic reporter”. Кардынал Рэйманд Лео Бёрк, прэфект Апостальскай Сігнатуры паставіў вялікі акцэнт на дысцыпліне і павазе да права ў Касцёле, як “леках” на культуру пагарды да традыцыі і аўтарытэту, якая закралася ў Касцёл пасля ІІ Ватыканскага Сабору.

Кардынал таксама сцвердзіў, што адной з самых сур’ёзных “ран” у сучасным грамадстве з’яўляецца аддзяленне закону ад яго маральных асноў. Як прыклады ён прывёў: аборт па патрабаванне, штучнае апладненне, эксперыменты на чалавечым эмбрыёне, эўтаназію, юрыдычнае прызнанне аднаполых саюзаў і адмаўленне фундаментальнага права на свабоду сумлення і веравызнання.







All the contents on this site are copyrighted ©.