2012-10-25 11:57:59

Ватыканская газета ўзгадвае пасланне Паўла VI да жанчын


RealAudioMP3 Адно з самых галоўных пакліканняў жанчын – прымірыць людзей з жыццём. Аб гэтым казаў на заканчэнне ІІ Ватыканскага Сабору Павел VI. Прамову Папы ўзгадвае ў сваім сённяшнім “жаночым дадатку” “L’Osservatore Romano”. 8 снежня 1965 г. Пантыфік звярнуўся да жанчын са спецыяльным зваротам, у якім сцвердзіў, што яны набылі такое важнае значэнне для грамадства, як ніколі раней. “У гэты момант, калі грамадства перажывае настолькі глыбокія перамены, жанчыны, прасякнутыя Евангеллем, могуць дапамагчы яму не ўпасці”, - казаў Папа. “Наша тэхніка рызыкуе стаць безгуманнай. Прымірыце людзей з жыццём. - заклікаў Святы Айцец жанчын. - Перш за ўсё, чувайце над будучыняй нашага роду. Стрымлівайце руку чалавека, які ў момант шаленства спрабуе разбурыць чалавечую цывілізацыю”.

Папа звяртаўся да жанчын рознага становішча: жанатых, маці, адзінокіх, кансэкраваных. Ён падкрэсліваў, што важным заданнем маці, як першай настаўніцы, з’яўляецца клопат аб перадачы дзецям традыцый бацькоў і іх падрыхтоўка да будучыні. “Памятайце, што заўсёды, праз сваіх дзяцей, маці належыць да той будучыні, якую яна магчыма не ўбачыць”, - нагадваў Папа. Адзінокіх жанчын Святы Айцец заклікаў дапамагаць сем’ям. Сведчанне чысціні, бескарыснасці і пабожнасці з боку кансэкраваных жанчын, паводле Папы, важна ў часы, калі “эгаізм і пошук задавальненняў імкнуцца ператварыцца ў закон”. “Жанчыны з усяго свету, хрысціянкі і няверуючыя, тыя, каму даверана жыццё ў гэты, настолькі цяжкі момант гісторыі – ад вас чакаецца выратаванне міру ў свеце!”, - выказваў перакананне Павел VI у сваім пасланні да жанчын.








All the contents on this site are copyrighted ©.