2012-10-25 13:52:52

50 гадоў таму Ян XXIII выратаваў свет ад вайны


RealAudioMP3 Роўна 50 гадоў таму, 25 кастрычніка 1962 г., Ян ХХІІІ звярнуўся да лідэраў ЗША і СССР з заклікам аб міры і спыненні супрацьстаяння, якое увайшло ў гісторыю пад назвай Карыбскі крызіс. Да сённяшняга дня мала каму застаецца вядомым факт, што менавіта Папа паспрыяў заканчэнню гэтага самага небяспечнага з часоў ІІ Сусветнай вайны ваеннага канфлікту. Карыбскі крызіс пачаўся 15 кастрычніка пасля таго як амерыканскія самалёты “U-2” змаглі сфатаграфаваць замаскіраваныя савецкія ядзерныя ракеты, устаноўленыя на Кубе, у некалькіх дзесятках кіламетраў ад мяжы з ЗША. Прэзідэнт ЗША Джон Кэнэдзі тэрмінова прыняў рашэнне аб устанаўленні ваеннай блакады вакол “вострава свабоды”. Гэта азначала, што амерыканская армія була гатовая тапіць любыя караблі, якія падплывалі да Кубы, нават савецкія. Над светам узнікла пагроза ІІІ Сусветнай вайны. Арміі абодвух дзяржаваў былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць.

У гэтай сітуацыі амерыканскі прэзідэнт звярнуўся да Яна ХХІІІ з прапановай стаць пасярэднікам паміж амерыканскімі і савецкімі ўладамі. Папа прыняў гэту просьбу і ў трывожныя для ўсяго чалавецтва дні, з дапамогай Ватыканскага радыё, звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў: “Міру, міру! Мы зноў паўтараем гэту ўрачыстую мальбу. Мы заклікаем усіх кіраўнікоў не заставацца глухімі перад гэтым крыкам чалавецтва. Зрабіце ўсё, што ў вашых сілах, каб захаваць мір. Пазбаўце свет жахаў вайны, наступстваў якой ніхто не можа прадбачыць”, - сказаў тады Папа.

Акрамя таго, Ян ХХІІІ напісаў ліст Нікіце Хрушчову, у якім прасіў прадэманстраваць, што Савецкі Саюз зацікаўлены ў тым, каб ва ўсім свеце захоўваўся мір. “Вы застанецеся ў гісторыі як адзін з піянераў рэвалюцыі каштоўнасцяў, заснаванай на любові. Вы можаце не з’яўляцца прыхільнікам рэлігіі, але рэлігія гэта не толькі спіс запаведзяў – гэта гатоўнасць да дзеянняў ў імя любові да ўсяго чалавецтва”, - напісаў Папа.

Пасрэдніцтва Папы паспрыяла вырашэнню канфлікта. Абодва кіраўнікі дзяржаў саступілілі адно аднаму дзеля выканання шляхетнай і ганаровай місіі – захавання міру на планеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.