2012-10-24 17:22:28

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт споведзі: вярнуцца да саміх сябе


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце споведзі. Нагадаю, што пры іх падрыхтоўцы, я карытаюся кнігай дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі Матэо Дзупі, якая называецца “Споведзь. Прабачэнне для перамены”. Прапаную яшчэ раз паразважаць аб прыпавесці пра міласэрнага айца і яго марнатраўнага сына. Давайце паглядзім на гэту гісторыю з яшчэ аднаго ракурса. Заўважце, марнатраўны або блудны сын пакінуў бацьку і накіраваўся ў далёкую краіну ў пошуку самаго сябе. Магчыма ён хацеў самарэалізацыі і поспеху. Але цікава, што самаго сябе ён знайшоў у пакутах – у той момант, калі адчуў сябе слабым і бездапаможным. Сапраўды, пакуты робяць нас больш празрыстымі, ачышчаюць ад ілюзій, скіроўваюць да самага галоўнага. Сын пачаў пахіляцца над самім сабой, уваходзіць унутр сваёй душы менавіта ў стане адзіноты. Ён канчаткова знайшоў сябе, калі патрапіў у абдымкі любячага айца. Знайшоў сябе – значыць убачыў сябе пакорным перад айцом.

Прайшоўшы такі шлях, гэты хлопец стаў сапраўдным мужчынам. Цікава, што яго шлях да сталасці аказаўся зусім іншым, чым ён думаў. Ён шукаў сталасці і свабоды ў незалежнасці ад айца, аддаленні ад дому, а аказалася інакш. Ён стаў вялікім, калі пахіліўся над сваёй слабасцю, прыняў яе і захацеў прабачэння. Захацеў вярнуцца ў родны дом і папрасіць хлеба.

У сустрэчы з айцом ён па-сапраўднаму адчуў сябе сынам. Тут ён зразумеў любоў і прыгажосць быцця разам. Пачынаючы адсюль ён узяў жыццё ў свае рукі. Засяроджанасць на самарэалізацыі аддаляла яго ад самаго сябе, ад іншых, стварала ворагаў. Але затым, у пакоры, ён адчуў патрэбу ў любові айца і неабходнасці вярнуцца назад. Мы ўсе можам вярнуцца.

Як часта нам гэтага хочацца. Як часта хочам пачаць жыццё нанава. Але адкуль пачаць? Як аднавіць адносіны з айцом калі пакінуў яго і даўно не размаўляў з ім. Першае што неабходна – гэта пераадолець пыху і пачаць быць тымі кім мы з’яўляемся – пакорнымі дзецьмі.

Многія называюць марнатраўнага сына апартуністам – тым, хто добра выкарыстаў сітуацыю. Але айца гэта не цікавіла. Важна – што сын вярнуўся. Магчыма нават, што сын асэнсаваў свой грэх да канца ўжо потым, калі сустрэў прабачэнне і любоў. Важна вырашыць вярнуцца, перамяніцца – а ў гэтым заключаецца найбольшая пакора.

Так і ў споведзі. Гэты сакрамэнт нагадвае сапраўдны шлях. На яго трэба ўстаць і па ім ісці. Не спыняцца – вяртацца да домау Айца, перамагаць пыху, зноў пачаць размаўляць з Ім, стаць сапраўдным, у пакоры не хаваць свайго граху.
Айцец заўсёды трымае адкрытымі дзверы свайго дому. Яго сіла – гэта любоў і прабачэнне.

Сын нарэшце зразумеў наколькі патрабуе айца і вырашыў вярнуцца ў дом, які напачатку пакінуў. Ён захацеў стаць працаўніком. Мы ўсе можам стаць працаўнікамі у доме Айца. Нават тыя, хто далёка, хто згубіў усё і не мае больш нічога. Сёння існуе патрэба ў тым, каб пачаць працаваць у гэтым доме – каб ён стаў домам для усіх, каб тут вучыцца жыць як браты, каб станавіцца працаўнікамі на карысць дыялогу, паразумення, надзеі, міру; працаўнікамі, якія зробяць гэты свет больш чалавечным. Пачнем з перамены ўласнага сэрца, каб пачаць змяняць гэты свет.








All the contents on this site are copyrighted ©.