2012-10-24 12:45:14

Вера дае упэўненасць не менш надзейную за навуковыя разлікі


RealAudioMP3 У чым сэнс хрысціянскай веры ў наш час? Адказу на гэта пытанне прысвяціў сваю катэхезу 24 кастрычніка Бэнэдыкт XVI. Папа ўпэўнены – “неабходна абноўленае веданне веры, якое ўключыць у сябе знаёмства з яе праўдамі і збаўчымі падзеямі, але перш за ўсё народзіцца праз сустрэчу з Богам у Езусе Хрысце, праз любоў і давер да Яго”. Чарговы раз Пантыфік падкрэсліў – “сёння, побач з многімі добрымі знакамі, вакол нас пашыраецца пэўная духоўная пустыня”. Паводле Папы, “нягледзячы на веліч навуковых адкрыццяў і тэхнічных поспехаў, сёння, здаецца, чалавек не стаў больш свабодным, больш чалавечным”, наадварот, “застаюцца многія формы эксплуатацыі, маніпуляцый, насілля, злоўжыванняў, несправядлівасці”. “Пэўны тып культуры навучыў ісці за гарызонтам рэчаў (...) верыць толькі ў бачнае і дакранальнае”, - сказаў Папа. З іншага боку, “узрастае колькасць тых, якія адчуваюць сябе дызарыентаванымі і ў спробах перакрочыць выключна гарызантальнае бачанне рэальнасці, адкрытымі на веру ва ўсё, што з’яўляецца адваротным да яе”. У такім кантэксце чалавек пачынае задавацца фундаментальнымі і канкрэтнымі пытаннямі: у чым сэнс жыцця? Ці ёсць будучыня для чалавека, для нас і новых пакаленняў? У якім накірунку скіраваць нашу свабоду, каб знайсці добрае і шчаслівае жыццё? Што нас чакае за парогам смерці?

Папа адзначыў, што для адказу на гэтыя пытанні не дастаткова толькі дакладных падлікаў, эксперыментаў і навуковых ведаў. “Мы маем патрэбу не толькі ў матэрыяльным хлебе, але патрабуем любові, сэнсу і надзеі, трывалага фундаменту, моцнай апоры, якая дапаможа жыць па-сапраўднаму нават у час крызісу, цемры, цяжкасцяў і штодзённых праблем. Вера нам дорыць менавіта гэта: вера – гэта ўпэўнены давер да “Цябе”, Бога, які дае іншую ўпэўненасць, але не менш надзейную за тую, што паходзіць з дакладных разлікаў ці навукі”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Паводле Папы, вера, гэта не толькі “інтэлектуальная згода чалавека адносна пэўных праўдаў аб Богу”, але “акт свабоднага даверу” да любячага Айца, які паказаў чалавеку сваю бязмежную любоў.

“Я думаю, мы павінны часцей разважаць над гэтым у нашым штодзённым жыцці, напоўненым праблемамі і часта драматычнымі сітуацыямі, аб тым, што верыць па-хрысціянску – азначае менавіта з упэўненасцю давярацца глыбокаму сэнсу, які падтрымлівае свет, таму сэнсу, які мы не ў стане даць, але толькі атрымаць у дар, што з’яўляецца фундаментам, на якім можам жыць без страху”, - сказаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў: непрыняцце Евангелля не павінна знеахвоціць вызнаўцаў Хрыста. Трэба сваёй верай “паказваць, што існуе добрая зямля, на якой зерне Божага Слова ўзрошчвае багатыя плёны справядлівасці, міру і любові, новай чалавечнасці і збаўлення.

Святы Айцец патлумачыў, што вера з’яўляецца з аднаго боку звышнатуральным дарам, а з іншага, глыбока свабодным і чалавечым актам, які патрабуе “выйсця за рамкі самаго сябе, сваёй бяспекі, уласных ментальных схем, каб даверыцца дзеянню Бога, які ўказвае свой шлях і вядзе да сапраўднай свабоды, нашай чалавечай ідэнтычнасці, міру з усімі”. Папа падкэсліў, што наш час патрабуе хрысціян “захопленых Хрыстом”, якія ўзрастаюць у веры дзякуючы блізасці да Святога Пісання і сакрамэнтаў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.