2012-10-23 15:20:57

Сінод выдаў прапановы да выніковага дакументу


RealAudioMP3 23 кастрычніка падчас ранішняй сесіі Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі галоўны рэлятар асамблеі, кардынал Дональд Вюрл, зачытаў на лацінскай мове спіс прапаноў да выніковага дакументу форуму, якія былі выпрацаваны падчас прац у тэматычных групах. Некаторыя прапановы былі спалучаны з падобнымі, некаторыя выпраўлены. Гэта было зроблена напярэдадні падчас пасяджэння кіраўнікоў кожнай з груп. На дакуменце стаіць пазнака “sub secreto” – сакрэтна. Ён складаецца з 57 прапаноў , падзеленых на 4 групы. Яны закранаюць прыроду новай евангелізацыі, кантэкст касцёльнага служэння ў нашы дні, душпастырскія адказы на выклікі часу, гаворка ідзе таксам пра месцы новай евангелізацыі.

У прапановах у прыватнасці закранаецца тэма выклікаў секулярызму, свабоды веравызнання і правоў чалавека, грамадскіх медыя, адукацыі. Падкрэсліваецца, што евангелізацыя з’яўляецца сэнсам місіі Касцёла, а ў яе сэрцы знаходзіцца Хрыстус.

На завяршэнне ранішняга пасяджэння Святы Айцец уручыў іерархам, прысутным на Сінодзе, біскупскія крыжы з сімолікай Сіноду. На ім выява фігуры Хрыста Добрага Пастыра, копія той, якая знаходзіцца ў сінадальнай зале і якая стала сімвалам асамблеі, і герб Бэнэдыкта XVI.

У другой палове дня ўдзельнікі сканцэнтраваліся на працы ў малых групах, дзе абмеркавалі прапановы па дапаўненнях у выніковы дакумент. Заўтрашні дзень таксама будзе прысвечаны працы ў тэматычных групах.

Спецыяльна для Беларускай рэдакцыі Міхал Гольдзін







All the contents on this site are copyrighted ©.