2012-10-23 12:32:21

Святы Пасад апублікаваў поўны тэкст прысуду Паўла Габрыэле


RealAudioMP3 23 кастрычніка Святы Пасад апублікаваў поўны тэкст прысуду былому камердынеру Папскага дому Паўла Габрыэле. Апошні атрымаў 18 месяцаў пазбаўлення волі за крадзеж канфідэнцыйных дакументаў пры абцяжарваючых абставінах. У тэксце прысуду Ватыканскага трыбуналу адзначаецца, што падчас судовага працэсу абвінавачаны прызнаўся ў садзеянным і паведаміў, што гэты ўчынак ён планаваў працяглы час. Падкрэсліваецца, што крадзеж адкрыў асабісты сакратар Бэнэдыкта ХVI кс. прэлат Георг Генсвайн, калі ў кнізе італьянскага журналіста ўбачыў цытаты з дакументаў, якія ніколі не перадаваліся ў ватыканскія дыкастэрыі, а знаходзіліся выключна ў выкарыстанні асабістага сакратара. Трыбунал нагадвае, што ў кватэры Габрыэле, акрамя дакументаў, быў знойдзены банкаўскі чэк на суму 100 тыс. еўра, а таксама ўнікальны залаты камень і кніга “Энэіда” 1581 г, апошнія дзве рэчы былі падарункамі Святому Айцу ад пэўных інстытутаў.

У тэксце прысуду звяртаецца ўвага на тое, што пры гэтым Габрыэле падчас допытаў і судовага працэсу пастаянна сцвярджаў, што за перадачу гэтых дакументаў “не атрымліваў ніякіх грашэй” і зрабіў гэта “па асабістых матывах”. Ён тлумачыў свае ўчынкі жаданнем барацьбы з карупцыяй у Касцёле, якую нібыта мог перамагчы толькі шок, і лічыў сябе “абраным” для гэтага Святым Духам.

Трыбунал падкрэслівае, што Святы Айцец, Рымская Курыя і асабліва кс. прэлат Георг Генсвайн мелі “поўны давер да Габрыэле і падчас яго службы ніколі не мелі засцярог да яго працы” . “Сваім учынкам Габрыэле парушыў не толькі асабістыя правы Папы, Апостальскай Сталіцы і ўсяго Каталіцкага Касцёла і Дзяржавы Ватыкан, але таксама аб’ектыўна парушыў правы прыватных асоб і ўстаноў, з якіх нелегальна былі выкрадзены дакументы”, - падкрэсліваецца ў паведамленні Ватыканскага трыбуналу.







All the contents on this site are copyrighted ©.