2012-10-22 13:01:26

Мінск: 15-годдзе другога нараджэння архікатэдры


RealAudioMP3 21 кастрычніка галоўны каталіцкі храм Беларусі – архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адзначыў 15-годдзе са дня свайго другога нараджэння – рэкансэкрацыі. Гэта вядомы факт – святыня, якой больш за тры стагоддзі, доўгія гады літаральна не існавала. Тады, у 1997 г., разгледзець хоць якія-небудзь рысы віленскага барока велічнага сакральнага будынка ў тым, што ад яго засталося, было немагчыма, успамінае пробашч катэдры кс. Антоній Клімантовіч. “Святыню я застаў, калі тут былі тры паверхі, той самы момант рэстаўрацыі, калі было ўсё у пылу, калі было шмат працы і не бачна было, калі яна скончыцца. Але скончылася хутка.”, - падзяліўся ён.

І такім жа восеньскім днём касцёл быў зноў аддадзены людзям і Богу. Мінула 60 савецкіх гадоў забыцця: у 1930 г. афіцыйнае закрыццё, у 1951 разбурэнне дзьвух веж, перабудова і існаванне ў якасці “Дома фізкультурніка” да 1990-х. Наперадзе чакалі рэстаўрацыя і аднаўленне парафіяльнага жыцця. “На першы заклік аб дапамоге ў аднаўленні святыні ў першы дзень прыйшло сто чалавек. Бо не было спецыялістаў. Самую вялікую ролю ў аднаўленні зыграў кардынал Казімір Свёнтэк. Ён знайшоў сродкі, спецыялістаў, сам лазіў па рыштаваннях, цікавіўся. Успамінаю словы, якія сказаў тады кардынал: “Няхай варожая рука большь ніколі не дакранецца да гэтай святыні, няхай яна вечна служыць Богу і людзям”, - узгадаў кс. Антоні.

Сёння архікатэдральны касцёл візітная картка Мінска і духоўны цэнтр, дзе людзі ці пазнаюць, ці ўпершыню знаходзяць Бога. Нягледзячы на складаную гісторыю, памятаць яе – гэта памятаць аб тым, наколькі далікатная і аднолькава моцная бывае вера. І галоўнае зараз – перадаць яе іншым.

“Усе тыя вернікі, якія прыходзілі на тры св. Імшы ў нядзелю ўмяшчаліся ў невялікай капліцы перад касцёлам, потым, калі была адноўлена адна бакавая нава, усе мясціліся там. Ну зараз мы самі бачым, што парафія ўзрастае ўсё больш і больш. Вернікаў становіцца больш. Вельмі радуе, што шмат дзяцей. На кожнай св. Імшы ёсць шмат маладых сем’яў , якія прыводзяць сваіх дзяцей і гэта – наша будучыня.” Дарэчы, на юбілейнай св. Імшы на 15-годдзе рэкансэкрацыі катэдры сакрамэнт хросту прынялі некалькі дзяцей.

Ларыса Абрамчук, Мінск








All the contents on this site are copyrighted ©.